11 сакавіка, Вярхоўная Рада Украіны падтрымала праект пастановы, ініцыяваны народным дэпутатам Ігарам Гузем. Гэта зварот да ўрадаў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі з заклікам захаваць і ўмацаваць эканамічную ізаляцыю Расеі і Беларусі.
Гаворка ідзе пра поўную забарону экспартна-імпартных аперацый, гандлю і транзіту тавараў з гэтымі дзяржавамі.
Свою пазіцыю народны дэпутат Гузь аргументаваў наступным чынам: «Сёння, на жаль, усё часцей адбываюцца спробы вярнуць дыскусію аб аднаўленні такога эканамічнага супрацоўніцтва. Мы бачым, як рэжым Лукашэнкі спрабуе таргавацца з Захадам, прапаноўваючы пэўныя «жэсты» для зняцця эканамічнага ціску.
Пры гэтым ёсць дастаткова доказаў таго, што беларуская эканоміка насамрэч працуе на расейскі ваенна-прамысловы комплекс і падтрымлівае вайну супраць Украіны. Таму наша пазіцыя зразумелая: ніякіх спраў з агрэсарам!
Мы звяртаемся да нашых партнёраў у Польшчы і краінах Балтыі з просьбай не дапусціць аднаўлення эканамічных адносін з Расеяй і Беларуссю».







