У Менску два дні, 18 і 19 снежня, праходзіў Усебеларускі народны сход. У Канстытуцыі пазначана, што УНС – гэта вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя, які вызначае стратэгічныя кірункі развіцця грамадства і дзяржавы, непарушнасць канстытуцыйнага ладу і пераемнасць пакаленняў.

Наколькі Усебеларускі народны сход зможа абараніць гэты лад? Які ў ім сэнс? І ці заўважны для грамадства? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае Госця Рацыі – журналістка Вольга Быкоўская:
-Канешне, гэта вельмі перабольшанае жаданне. Я б сказала, што напэўна УНС – гэта спроба Лукашэнкі прыдумаць новыя спосабы нейкіх стрымак і супрацьвагаў і будавання нейкай структуры вакол сябе самога. Таксама цалкам верагодна, што гэты УНС быў прыдуманы як месца, куды ён можа сысці з пасады “прэзідэнта” проста каб мець магчымасць уплываць на палітыку Беларусі, нават калі ён сыдзе з гэтай пасады. Падзеі ў іншых дзяржавах паказалі яму, што такая ракіроўка не вельмі эфектыўная, перадусім, тут ідзе размова пра Казахстан. Таму ў яго ёсць гэты УНС, ён створаны хутчэй за ўсё для транзіта ўлады, але для гэтага ён не выкарыстоўваецца. На сёння УНС – гэта такая “тусовачка” прыхільнікаў Лукашэнкі. Нічога ў Беларусі не знаходзіцца так блізка да Паўночнай Карэі, як людзі, якія сабраліся ў гэтай зале.
РР: Увогуле, складваецца ўражанне, што УНС – гэта сабраныя слухачы, “тусоўка”, бо за гэты час не згадаю ніякіх канкрэтных дзеянняў, якія яны рабілі. Які сэнс увогуле ў гэтым сходзе?
Вольга Быкоўская: Не магу згадаць нічога, што памянялася пасля правядзення гэтага УНС чарговы раз. Чымсьці гэта, напэўна, нагадвае Савет Рэспублікі, які таксама невядома для чаго існуе. Вось і УНС таксама – гэтых членаў УНС прызначаюць, цябе вылучаюць нейкія прадпрыемствы і людзі едуць патусіць у Менск. Я не прыгадаю нічога, што б змянілася пасля правядзення УНС. Яны прымаюць нейкія планы на пяцігодку – гэта такая савецкая традыцыя, якая да жыцця мае мала адносінаў. Вядома, што ўся гэтая сістэма завязаная на Лукашэнку. Выцягні яго і сістэма пасыплецца. І ніякія УНС, якія збіраюцца па загадзе Лукашэнкі, не ўтрымаюць яе. Таму што людзі, якія туды прыязджаюць, яны цудоўна ведаюць, што іх ніхто не абіраў, іх прызначыў Лукашэнка. Уся іх легітымнасць умоўная.
Цалкам гутарка:
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя






