Кандыдат Грамадзянскай кааліцыі Рафал Тшаскоўскі перамагае ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў з вынікам 30,8 працэнтаў – гэта вынікае з вынікаў экзіт-полу Ipsos, які праведзены па дамове з тэлебачаннем Polsat, TVP i TVN.
Другое месца паводле гэтых папярэдніх звестак займае кандыдат, якога падтрымлівае “Права і справядлівасць” – Караль Наўроцкі – за яго прагаласавалі 29,1%. Аднак розніца паміж гэтымі двума кандыдатамі ў межах статыстычнай пагрэшнасці.
Трэці вынік паводле экзіт-полу паказаў кандыдат ад Канфедэрацыі Славамір Менцэн – у яго вынік 15,4%.
Чацвёртая пазіцыя у кандыдата Канфедэрацыі Кароны Польскай Гжэгажа Браўна – яго падтрымалі 6,2%.
Пяты вынік паказвае пакуль паводле экзіт-пола кандыдат ад “Разам” – Адрыян Зандберг – 5,2%.
Шыман Галоўня на шостым месцы – 4,8%.
Далей размясціліся:
Кандыдатка лявіцы і віцэ-маршалак Сенату Магдалена Бейят – 4,1%
Ёанна Сенышын – 1,3%
Кшыштаф Станоўскі – 1,3%
Марэк Якубяк – 0,8%
Артур Барташэвіч – 0,5%
Мацей Мацяк – 0,4%
Марэк Вох – 0,1%
Паводле экзіт-полу яўка на выбарах склала 66,8%.
***
У 21.00 галасаванне ў першым туры завяршылася. Цяпер трэба чакаць афіцыйных лічбавых вынікаў ад PKW.
***
Паводле афіцыйнай інфармацыі Дзяржаўнай выбарчай камісіі (PKW) да 17-й гадзіны на выбарах прэзідэнта Польшчы ў першым туры прагаласавала 50,69% ад агульнай колькасці выбарцаў. Галасаванне будзе доўжыцца да 21-й гадзіны.
***
Як паведаміла Дзяржаўная выбарчая камісія (PKW – Państwowa Komisja Wyborcza) на выбарах прэзідэнта Польшчы ў першым туры 18 траўня да 12-й гадзіны прагаласавала 20,28% ад агульнай колькасці выбарцаў, якія маюць права галасаваць.
***
Больш за 29 мільёнаў чалавек маюць права галасаваць на нядзельных прэзідэнцкіх выбарах. Галасаванне пройдзе больш чым у 32-х тысячах месцах-выбарчых участках у краіне і 511 за мяжой. Балатуюцца 13 кандыдатаў, самаму старэйшаму 76 гадоў, самаму маладому — 38 гадоў, — абвясцілі на пятніцавым пасяджэнні Дзяржаўнай выбарчай камісіі (PKW- Państwowa Komisja Wyborcza).

Старшыня Нацыянальнай выбарчай камісіі Сільвестр Марціняк абвясціў, што 28,943 594 чалавекі маюць права галасаваць на нядзельных выбарах – пры агульнай колькасці жыхароў Польшчы амаль 35,5 мільёна чалавек.
Прагаласаваць «па пошце» (korespondecyjnie) зарэгістравалі 9553 чалавекі, па даверанасці – 28383 чалавекі. Таксама было выдадзена 333 923 пасведчанні аб выбарчых правах, якія даюць магчымасць галасаваць у кожнай акруговай выбарчай камісіі краіны і за мяжой.
Галасаванне будзе праходзіць з 7.00 па 21.00 у 32 143 акруговых выбарчых камісіях краіны (выбарчых участках), у тым ліку 29 815 пастаянных і 1 812 так званых асобных участках для галасавання. За мяжой створана 511 акруг, у тым ліку 5 на марскіх судах.
Старшыня Дзяржаўнай выбарчай камісіі (PKW) паведаміў, што ў склад акруговых выбарчых камісій прызначана 267 358 чалавек, большасць з іх — асобы, прадстаўленыя Выбарчымі камітэтамі саміх кандыдатаў, гэта крыху больш за 245 тысяч.
Выбарчая цішыня пачалася апоўначы з пятніцы на суботу і скончыцца пасля заканчэння галасавання ў нядзелю. У гэты перыяд цішыні забароненая выбарчая агітацыя, а парушэнне цішыні караецца штрафам.
У дзень выбараў, нядзелю 18.05, можна паведамляць толькі пра яўку, на падставе камунікатаў Дзяржаўнай выбарчай камісіі (PKW).
Прэс-канферэнцыі Дзяржаўнай выбарчай камісіі (PKW) назначаныя на гадзіну 10.30 – першая, затым на 13.30 – тады будуць пададзены папярэднія вынікі яўкі з 12-й гадзіны, ды трэцяя канферэнцыя на 18.30 (яўка з 17-й гадзіны) і апошняя ў 22.00 – тады будуць пададзеныя папярэднія вынікі і яўка выбараў.
Беларускае Радыё Рацыя