BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выбары самакіравання ў Польшчы 2024. Дзе другі тур?

На нядзелю 21 красавіка запланаваны ІІ тур самаўрадавых выбараў. Па цэлай краіне галасаванне пройдзе ў 748-мі гарадах і гмінах, у якіх 7 красавіка ніводзін з кандыдатаў на войта, бургамістра ці прэзідэнта горада не набраў 50%+ 1 галасоў.

Сярод буйнейшых польскіх гарадоў прэзідэнтаў будуць абіраць жыхары Уроцлава, Кракава, Познаня, Гдыні, Рашава (Жэшува) і Чанстаховы. А таксама і Торуня, Зялёнай Гары, Кашаліна, Глівіцаў, Эльблонга і шмат яшчэ якіх. Карацей, гэта каля 60-ці гарадоў, у тым ліку 9 ваяводскіх.
Найчасцей замагацца будуць кандыдаты, які падтрымліваюць партыі больш правыя, супраць цэнтрысцка-правых. Мо за выключэннем Уроцлава, цяпер другога па велічыні горада ў Польшчы, дзе Ізабэлу Боднар падтрымівае «Трэцяя Дарога», яе супернік – Яцак Сутрык, за якім стаіць Грамадзянская Кааліцыя.

На Падляшшы маем толькі 3-ы прэзідэнцкія гарады: прэзідэнты Беластока, Ломжы абраныя ўжо ў першым туры 7 красавіка. У Сувалках пройдзе другі тур. Пазмагаюцца Чэслаў Рэнкевіч(48,35% у першым туры) і Яцэк Юшкевіч (22,95%).
Але бургамістры меншых гарадоў і войты гмінаў абраныя далёка не ўсе.
Што праўда, тут у меншых гарадах, мястэчках і гмінах таго ці іншага кандыдата падтрымліваюць агульнапольскія партыі, аднак выступае ён як прадстаўнік мясцовага выбарчага камітэта.
І так:

Бургамістры (гарадскія гміны)

Адбудзецца другі тур выбараў бургамістра Бельска Падляшскага. У ім будуць змагацца Пётр Вавульскі (40,09% – столькі набраў у І туры) і цяперашні бургамістр Яраслаў Бароўскі (33,25%-столькі набраў у І туры).
У Гайнаўцы за пасаду бургамістра будуць змагацца Ірэнеуш Кендыш (35,86% галасоў у першым туры) і Мацей Баркоўскі (23,14%)
У Кляшчэлях будзе другі тур выбараў бургамістра.
У вырашальнай барацьбе будуць змагацца Міраслаў Маркевіч (45,54%) і цяперашні бургамістр Аляксандр Сяліцкі (37,08%).
Другі тур выбараў адбудзецца ў гміне Заблудаў, дзе цяперашні бургамістр Адам Таманэк набраў больш за 46%. галасоў. Яго супернікам будзе Пётр Шот, які набраў больш за 31,6%. галасоў.

Войты (вясковыя гміны)

У гміне Бельск Падляшскі вынікі выбараў старасты падзяліліся паміж двума кандыдатамі амаль пароўну. У другім туры мы ўбачым дзеючага войта Раісу Раецкую, якая набрала 44,48 працэнта галасоў. Яе канкурэнтам будзе Валянцін Карыцкі, які набраў 42,72 працэнта галасоў.
У гміне Нарва адбудзецца другі тур выбараў старасты. Спаборнічаць у ім будуць Анэта Леановіч (47,26%) і Анджэй Плесковіч(29,95%).
У Белавежскай гміне таксама будзе плэй-оф, бо дзеючы бургамістр Альберт Літвіновіч набраў 45,12 працэнта галасоў. На другім месцы Кшыштаф Замойскі — яго падтрымалі 35,08 працэнта выбаршчыкаў.
У гміне Мілейчыцы адбудзецца другі тур, у якім сустрэнуцца Ежы Іванавец (30,48%) і Себасцьян Савіцкі (19,96%).
Ва ўсіх астатніх гмінах і мястэчках, дзе пражываюць беларусы, мясцовыя кіраўнікі ўжо абраныя.
Таму галасаванне пройдзе толькі там, дзе будзе 2 тур выбараў.
Ад 07-й да 21-й гадзіны выбаршчыкі атрымаюць адзін бюлетэнь з дзвюма прозвішчамі. І аддадуць свой голас за таго кандыдата або за іншага. Галасаваць маю права грамадзяне, якія на дзень галасавання маюць 18 гадоў і не пазбаўленыя ў гэтым праве.
Аднак, што важнае, выбарчая цішыня абавязвае з пятніцы 19 красавіка з поўначы да нядзелі 21 красавіка да завяршэння галасавання, гэта датычыць цэлай краіны. Нельга ў той час весці выбарчай агітацыі, раздаваць лістоўкі, падаваць (у СМІ) хто мае большую, а хто меншую падтрымку. Галасаванне 21 красавіка завершыць выбары ў мясцовае самакіраванне ў Польшчы ў 2024 годзе.
Аднак выбарчы год яшчэ трывае. У пачатку чэрвеня ва ўсіх краінах Еўразвязу пройдуць выбары ў Еўрапарламент.

Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя