Асабліва не вядома, як у сучасных палітычных умовах арганізаваць працэс галасавання, гучаць каментары прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады другога складу. Выбары маюць адбыцца не пазней за 25 траўня. Хутчэй за ўсё яны пройдуць анлайн, а галасаваць будуць беларусы замежжа.
Сваім меркаваннем падзяліўся сябра Каардынацыйнай Рады Яўген Караулаў, ён, дарэчы, унутры КР галасаваў супраць выбараў:
-У рэгламенце Каардынацыйнай Рады напісана, што мы – прадстаўнічы орган дэмакратычных сіл Беларусі. І адпаведна нам легітымнасць надаюць арганізацыі, якія вылучылі туды сваіх прадстаўнікоў. Так можна было і працягнуць. Выбары, я быў супраць, таму што ўсё адно ў іх будзе ўдзельнічаць хутчэй за ўсё толькі дыяспара. Прагаласуе можа ў лепшым выпадку 100 тысяч чалавек. І казаць, што гэта прадстаўнічы орган беларусаў, калі беларусаў каля 9 мільёнаў, мне здаецца, так нельга будзе казаць.
Каардынацыйная Рада – орган беларускай апазіцыі за мяжой. Створаны ў 2020 годзе ў Менску падчас актыўнай фазы пратэстаў для пераадолення палітычнага крызісу. Зараз за мяжой пазіцыянуецца як протапарламент ў выгнанні. Галасаванне беларусаў, па ідэі, мае надаць гэтай структуры – легітымнасць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя