BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выбары ў Каардынацыйную раду. Называюць дату – 25 траўня

Выбары ў Каардынацыйную раду ды палітычныя дыскусіі вакол іх. Называюць дату – 25 траўня. Планавалі правесці іх раней, але зацягнуўся арганізацыйны працэс. Што выклікала крызіс унутры самой структуры, некаторыя чальцы пакінулі яе склад.

Пра выбары яшчэ ў жніўні 2023 года абвясціла Святлана Ціханоўская. І гэта пацвярджае самую першую канцэпцыю Каардынацыйнай рады другога складу, якая мелася падрыхтаваць на гэта пляцоўку.

Прыгадвае Паліна Бродзік з міжнароднай камісіі КР:

– Першапачатковае разуменне ў мяне было такім, што другі склад Каардынацыйнай рады абіраўся менавіта для таго, каб перазапусціць яе, і каб усе дэмакратычныя механізмы, якія мы звычайна бачым у дэмакратычных дзяржавах, запрацавалі, у тым ліку і выбары ў такую структуру, падобную на парламенцкую. Насамрэч галоўнай задачай Каардынацыйнай рады было падрыхтаваць наступныя выбары.

Галоўнае канцэпцыя выбараў – здабыць легітымнасць, стварыць прадстаўнічы орган, які атрымае мандат ад беларусаў. Але і ўнутры каардынацыйнай рады на гэты конт гучаць скептычныя галасы, напрыклад, спікер «Моладзевай фракцыі» КР Яўген Караўлаў, кажа, што можна і без выбраў абысціся.

– Канешне, гэта нельга будзе называць протапарламентам. Мы ж не ўплываем напрамую, не вырашаем, хто будзе ў Аб’яднаным пераходным кабінеце. Мы толькі рэкамендуем. Усё адно канчатковае слова за Святланай Ціханоўскай. З улікам абставінаў, мне здаецца, што і легітымнасці не будзе, нават калі прагаласуе ў нейкім фантастычным сцэнары 100 тысяч чалавек, але ўсе адно, мне здаецца, гэта мала, каб казаць, што мы прадстаўляем увесь беларускі народ.

Дыскусія працягваецца. Выбары пройдуць альбо 25 траўня, альбо не пазней за гэты тэрмін. Могуць змяніцца і ўмовы, паколькі ідзе перамоўны працэс паміж усімі апазіцыйнымі актарамі, якія сканцэнтраваліся за мяжой.

На гэту тэму збіраем каментары сёння ў праграме «Мы бачым» а 18.10 паводле беларускага часу, а ў Польшчы на дзве гадзіны раней (16.10).

Беларускае Радыё Рацыя