«У вас яшчэ засталася надзея вярнуцца ў Беларусь, убачыць сваіх бацькоў? Для працягу зносін дайце ведаць». Такое паведамленне ад спецслужбаў Беларусі атрымаў Госць Рацыі – былы палітвязень Зміцер Фурманаў, які зараз жыве ў Літве і нядаўна высунуў сваю кандыдатуру ў выбарчую камісію на выбарах у Каардынацыйную Раду. Супадзенне цікавасці да яго менавіта ў гэты час спецслужбаў Беларусі, ці не? Пра гэта ды іншае мы паразмаўлялі са Змітром.

РР: Гэта першы выхад на вас спецслужбаў, ці ўсё ж такі было і раней? Як на вас выйшлі?
Зміцер Фурманаў: Не, гэта не першы раз. Мне перыядычна пішуць гэтыя чэкісты. Звычайна яны пішуць праз тэлеграм. Але былі выпадкі, калі пісалі і ў інстаграме. Такім чынам, тры ці чатыры разы ўжо рабілася гэтая спроба камунікацыі. Але я не адказваю, таму што, па-першае, няма жадання, а па-другое, я не магу гэта рабіць, таму што ў мяне ёсць прытулак у Літве, і калі я буду ім адказваць, то гэта будзе падставаў для таго, каб гэты прытулак у мяне забралі.
РР: І я таксама здзіўляюся, калі і мне шлюць, я стараюся з імі ўвогуле не размаўляць. Але некаторыя ўступаюць у перапіску. Пасля выстаўляюць у сацыяльных сетках. У мяне нават такія знаёмыя ёсць. Я ім кажу: навошта вы гэтым займаецеся? Сябе піярыце, ці іх піярыце? Вось вы выклалі пра гэта ў агульны доступ, і вам напісалі, што вы рэкламай займаецеся.
Зміцер Фурманаў: Так. Пасля таго як першае паведаленне я перадаў у праваабарончы цэнтр «Вясна», яны апублікавалі гэты зварот. І пасля, на наступны дзень, гэты чэкіст напісаў мне, што дзякуй за гэтую рэкламу. І я зноў перадаў гэта «Вясне». І зноў нічога яму не адказаў. Калі яны так пішуць, то значыць, мы робім усё правільна. Ці трэба з імі камунікаваць? У залежнасці ад выпадку. Калі чалавеку гэта бяспечна, то чаму не. Можна выцягнуць нейкую інфармацыю, для чаго, чаму яны гэта робяць, я не бачу ў гэтым праблемы.
РР: Але яны напісалі, калі вы хочаце пабачыць сваіх бацькоў. Зразумела, што ў кожнага з нас засталіся там сем’і, засталіся бацькі, і праз гэта, я думаю, яны таксама вядуць нейкую працу, таму што ўсё ж такі некаторыя вядуцца, як, напрыклад, апошні кейс з Вайцяхоўскім, былым рэдактарам газеты «Шаг». Невядома чаму ён вярнуўся ў Беларусь. Можа з-за таго, што неўладкаванае жыццё. То бок, некаторыя вядуцца, то чаму так?
Зміцер Фурманаў: Усё залежыць ад асобнага кейсу. Трэба глядзець, як у іх складаецца жыццё. Тут нельга за гэта людзей цкаваць, не трэба гэта рабіць. Кожны чалавек мае права выбару, таму што гэта іхняе жыццё. Хай робяць як хочуць. І толькі потым, праз некаторы час, даведаемся, ці трэба было гэта рабіць, ці не.
РР: Наколькі мне вядома, вы высунілі сваю кандыдатуру ў выбарчую камісію на выбарах у Каардынацыйную Раду. Можа гэтая праява з боку кэдэбістаў звязана нейкім чынам з гэтай сітуацыяй. Як вы лічыце?
Зміцер Фурманаў: Калі па часе глядзець, то першы зварот іх да мяне быў да таго, як была абуплікаваная інфармацыя, што я з’яўляюся кандыдатам у выбарчую камісію, таму, хутчэй за ўсё не, але ёсць падстава меркаваць, што ў Каарынацыйнай Радзе ёсць пэўныя людзі, якія могуць перадаваць гэтую інфармацыю. Тут мы не будзем рабіць нейкія высновы, проста можа так супала па часе. Не зразумела, ці будуць далей пісаць, можа зноў падключыцца нейкі іншы чэкіст, паглядзім.
РР: Сапраўды, зараз шмат інфармацыі, што хутка выбары ў Каардынацыйную Раду. Як вы ўяўляеце гэтыя выбары? Ёсць людзі, якія не давяраюць галасаванню, гэтым платформам, бо праверыць вельмі складана. І было шмат зліваў – «Чорная кніга», план «Перамога». Зараз у людзей такі недавер. Як вы лічыце, ці будзе правільным, што і сёлета на платформе правядуць выбары? І калі вы ідзяце ў камісію, то ці рэальна праверыць праўдзівасць галасоў?
Зміцер Фурманаў: Ну вось таму і хачу асабіста праверыць. Гэта сапраўды робіцца як трэба, адпавядае ўсім неабходным дакументам Кардынацыйнай Рады. У мяне няма падставаў не давяраць выбарчаму механізму Каардынацыйнай Рады, таму што мінулы раз я глядзеў у прамым эфіры ўсе гэтыя падлікі. У мяне не было пытанняў. Бо я сам галасаваў і бачыў, як улічваецца мой голас.
Іду я ў выбарчую камісіі, каб атрымаць нейкі досвед, таму што мне заўсёды была цікавая гэтая працэдура, я люблю працаваць з лічбамі, і таму што я працую ў розных ініцыятывах, і мая праца як раз звязаная з кібербяспекай. І калі там будзе нейкая падстава пакрытыкаваць гэтую кібербяспеку, то, канешне, я звярну на гэта ўвагу.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






