BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Якая будзе канцэпцыя Каардынайцыйнай рады трэцяга складу?

Усё зламаць і новае збудаваць, гучаць канцэпцыі ў справе Каардынацыйнай рады трэцяга складу. «Што за бальшавіцкі падыход», супярэчыць іншы бок. Праўдападобна перамены чакаюцца ў Каардынацыйнай радзе. Гэта такі шлях ад «пляцоўкі для дыскусій аднадумцаў» да протапарламента.

Сёння першае паседжанне збіраецца ўвечары. А напярэдадні яго гутарым – нашыя госці: лідарка спісу «Наша справа» Роза Турарбекава і адзін з лідараў спісу «Каманда Латушкі і руху „За Свабоду“» Юрась Губарэвіч.

РР: Напярэдадні першай сустрэчы ў рамках Каардынацыйнай рады сёння маюць сустрэцца два склады і адбыцца перадача ўлады. Як гэта будзе адбывацца? Найперш хацеў бы, каб вы ахарактарызавалі нейкія настроі на гэты дзень.

Спадар Юрась, ад вас хачу пачаць, як у вас настрой на гэты дзень? Каардынацыйная рада збіраецца, а з такімі праблемамі яна фармавалася, як мне здаецца.

Юрась Губарэвіч: Я лічу, што праблем пры фармаванні не было, бо гэта былі выбары. Вынікі сведчаць пра прыхільнасць выбарцаў. Пажадана, каб колькасць была большая, мы разумеем, у якіх умовах беларусы, якія прынялі наважыліся прыняць удзел. Вельмі важным момантам ёсць прытрымліванне правілаў і працэдураў. Да першага паседжання мы маем пэўныя заўвагі, бо не прапісана нават у папярэднім статуце Каардынацыйнай рады, правядзенне нейкіх супольных паседжанняў. Ёсць панятак агульнага паседжання новаабранай Каардынацыйнай рады.

Але мы гатовыя пайсці насустрач, як жэст добрай волі, зразумець, што тыя, хто былі ў Каардынацыйнай радзе другога склікання хочуць публічна перадаць справы, мы можам пачуць вітальныя выступы лідараў дэмакратычных сілаў. На гэтым павестка такога першага фармальнага паседжання мусіць быць вычарпаная, бо трэба рыхтаваць сапраўднае працоўнае паседжанне, дзе ўжо будуць разглядацца пытанні абрання кіруючых органаў, змены папярэдняга рэгламенту, фармаванне новага рэгламенту. Гэта ўсе тыя рэчы, якія на такіх пераходных сустрэчах, папярэдняй рады і новай рады, яны тэхнічна не могуць быць абмеркаваныя.

РР: Спадар Юрась, гэтыя пытанні закранём, бо ёсць сапраўды гэтыя праблемы. Спадарыня Роза, з якім настроем вы сустракаеце сённяшні дзень? Бо здаецца, ёсць нейкія праблемы са статутам Каардынацыйнай рады, і гэтыя праблемы трэба будзе вырашаць.

Роза Турарбекава: Я настроеная на працу. Для мяне няма нейкіх там істотных праблем. Я, вядома, бачу, што сам працэс перадачы будзе ажыццяўляцца ўпершыню. Закладваюцца пэўныя традыцыі пераемнасці. Гэта важна. Гэта важна не для другога складу Каардынацыйнай рады, гэта важна ў цэлым для ўсяго інстытута і для дэмакратычных сілаў.

Каб зноў не пісаць гісторыю з нуля, важна, каб у нас гэты інстытут ужо зацвердзіўся як інстытут. Як ён будзе змяняцца, гэта ўжо іншае пытанне. Гэта ўжо датычыцца Каардынацыйнай рады трэцяга складу. Статут, напэўна, будзе змяняцца.

РР: Ці будзе гэта гісторыя з нуля? Гавораць многія, што трэба фактычна ўсё ламаць і ствараць новыя правілы.

Роза Турарбекава: Гэта бальшавіцкі падыход. Гэта ўсё зноў пра СССР, як кажуць. «Пабудуем новы свет». Яшчэ нейкія гімны пралетарскія будзем спяваць. Але гэта жахліва, з маёй пункту гледжання, проста жахліва, бо пераемнасць інстытутаў мае быць, інакш гэта будуць не інстытуты, а аднадзёнкі, што я хачу сказаць. Гэта першае.

Другое, што датычыцца змен статута, я думаю, што так, статут будзе змяняцца, але ён павінен змяняцца не таму, што Каардынацыйная рада трэцяга складу павінна пісаць статут пад сябе, а Каардынацыйная рада трэцяга складу павінна разумець, што яна не ёсць першай, яна ёсць трэцяй, незалежна ад таго, якая ні была б там гісторыя. Статут не можа кардынальна змяняцца ў адпаведнасці з тым, якім ёсць склад: трэці, чацвёрты і гэтак далей. Колькі ў нас будзе статутаў, столькі ж і Каардынацыйных радаў, ці што?

Гэта з пункту гледжання, разважаю, не нават асабістых інтарэсаў, гэта не мой асабісты інтарэс. З пункту гледжання, у першую чаргу, будучыні і тых мэтаў, місіяў, якія нясуць дэмакратычныя сілы. Устанаўленне дэмакратычных інстытутаў. Інстытуты – гэта ў першую чаргу ўстойлівыя сувязі, правілы і нормы. Таму для ўстойлівасці патрэбна ўсё ж такі, каб змены, вядома, адбываліся, нічога не стаіць на месцы, але каб гэта не адбывалася кожны раз з чыстага ліста. Вось гэты бальшавіцкі падыход, я катэгарычна супраць яго.

Таму мы будзем абмяркоўваць, гэта ўсё павінна быць вынікам у першую чаргу палітычнага кампрамісу тых спісаў, якія былі абраныя ў склад Каардынацыйнай рады № 3.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

Сумеснае паседжанне старой і новай Каардынацыйных радаў сёння. Дарэчы, такая форма не прадугледжаная статутам. Адбудзецца перадача паўнамоцтваў. А наперадзе, дыскусіі, але толькі ўжо на тэму «як мае працаваць новы склад», які апазіцыя за мяжой пазіцыянуе, як протапарламент.

Беларускае Радыё Рацыя