25 траўня адбудуцца выбары ў Каардынацыйную раду. Пачалася перадвыбарчая барацьба.
Але не ўсе беларусы замежжа прымуць удзел у выбарах, у тым ліку і госць Беларускага Радыё Рацыя палітычны аналітык Павел Усаў. Мы абмяркуем са спадаром Паўлам чым абумоўлена яго такое рашэнне:
– Шчыра кажучы, не бачу вялікага сэнсу там браць удзел. Як для пляцоўкі нейкай публічнай дыскусіі ці набірання досведу палітычнага ўдзелу, то для гэтага і стварылі. Няхай маладыя людзі, якія хочуць займацца публічнай палітыкай, якой і так займаюцца па-за межамі Каардынацыйнай рады, там бяруць удзел. Няхай пакажуць клас, набіраюцца досведу і так далей. Другі момант такі чыста практычны. Я маю даволі шмат крытычных заўваг у адносінах да таго, як гэты працэс арганізоўваецца.
РР: Якія заўвагі вы маеце?
– Я лічу, што ў сітуацыі, якой мы цяпер, гэты працэс трэба было рабіць максімальна простым, без прапарцыйнага ўдзелу.
РР: А гэта як максімальна проста?
– Было шмат пытанняў, звязаных з тым, як будуць галасаваць людзі. Спярша было тры галасы, потым увялі квоты непатрэбныя. У той сітуацыі, якой мы цяпер, нешта змянілася на ўмоўна адзін чалавек – адзін голас. Але ўсё адно будзе прапарцыйны падлік, але лепш было б зрабіць звыклае галасаванне паводле мажарытарнай сістэмы, каб для людзей, якія будуць галасаваць, гэта было б ясна і зразумела.
Ва ўмовах, калі немажліва арганізаваць масавы ўдзел беларусаў у галасаванні, на сённяшні момант мінімум галасоў, і чаканняў, і максімум галасоў гэта да дваццаці тысяч, то ў такім кантэксце Каардынацыйная рада не можа лічыцца ворганам рэпрэзентатыўным. І арганізацыі, што бяруць там удзел яны не ёсць масавымі арганізацыямі, яны не ёсць рухамі. Гэта арганізацыі-аднаднеўкі, у якіх уваходзяць максімальная колькасць 47 чалавек, за якімі не стаяць рэальныя людзі, няма рэальнай падтрымкі, няма партыйнай актыўнасці, няма заплечча. Арганізацыя мусіць мець палітычнае заплечча, гэтага нічога няма. Гэта проста створана штучна для таго, каб узяць удзел і забыцца.
Я прапанаваў такі механізм ва ўмовах ізаляцыі, у эміграцыі, лепш было б сабраць прадстаўнічы кангрэс беларусаў, на якой была б назначаная супольная праграма, бачанне і выбраць рэпрэзентатыўны ворган – каардынацыйную раду ў складзе 100 чалавек, менавіта на кангрэсе, з вядомых людзей, з найбольш актыўных людзей, якіх маглі б пабачыць усе дэлегаты, усе дэпутаты, якіх маглі б пабачыць на працягу трох дзён працы беларусы замежжа і беларусы, што ў Беларусі. Гэта проста, ясна, празрыста, хутка. Але захацелі пагуляцца ў дэмакратыю ва ўмовах, калі гэта немажліва. У ніякім сэнсе: у сэнсе падліку галасоў, у сэнсе масавага галасавання.
З госцем Радыё Рацыя палітычным аналітыкам Паўлам Усавым размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя