BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выбары ў Літве: сацыял-дэмакраты — першыя, кансерватары — другія

Учора, 13 кастрычніка, у Літве прайшлі парламенцкія выбары.

У першым туры выбараў у Сейм Літвы перамогу здабыла апазіцыйная Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (ЛСДП), другое месца заняў кіроўны Саюз Айчыны — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты (TS-LKD), а трэцяе месца — папулісцкая «Зара над Нёманам», піша Delfi.lt.

ЛСДП набрала 19,36% галасоў, TS-LKD — 17,96%, «Зара над Нёманам» — 14,99%.

У Сейм таксама прайшлі Саюз дэмакратаў «У імя Літвы» (9,24%) і Ліберальны рух (7,70%). З цяжкасцю пераадолеў 7-працэнтны бар’ер Саюз сялян і зялёных (7,02%).

ЛСДП атрымлівае пакуль 18 мандатаў, TS-LKD — 17, «Зара над Нёманам» — 14, «У імя Літвы» — 8, Ліберальны рух — 7, а «Сяляне і Зялёныя» — 6 мандатаў.

ЛСДП і «У імя Літвы» створаць кіроўную большасць. Пасля прыбыцця лідара «За Літву» ў штаб-кватэру Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі (ЛСДП) лідары палітычных партый, былы прэм’ер Саулюс Сквярняліс і Вілія Блінкявічуце дамовіліся стварыць супольную кіроўную большасць.

«Мы дамовіліся разам з партыяй «У імя Літвы», якая вельмі паспяхова выступіла на выбарах, стварыць кіроўную большасць — працаваць разам, каб у нас былі добрыя вынікі», — заявіла журналістам В. Блінкявічуце пасля размовы са Сквярнялісам.

За бортам апынулася Партыя свабоды. У новым Сейме яна не будзе прадстаўлена, бо набрала 4,44% галасоў.

Не змагла пераадолець пяціпрацэнтны бар’ер і Выбарчая акцыя літоўскіх палякаў, якая набрала 3,93%.

За мандат 141 члена Сейма змагаюцца 14 партый і адна кааліцыя. 71 член Сейма абіраецца па аднамандатных акругах. Калі ніводзін з кандыдатаў не набярэ пятую частку галасоў усіх выбаршчыкаў аднамандатнай акругі, другі тур выбараў у Сейм адбудзецца 27 кастрычніка.

Беларускае Радыё Рацыя