BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выбары ў мілітарна-рэпрэсіўным стылі

У Беларусі праходзіць электаральная кампанія, якую ўлады называюць «Адзіны дзень галасавання». 25 лютага выберуць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. На фоне рэпрэсій пасля 2020 года ўнутры Беларусі не засталося апазіцыі, а выбары фактычна без канкурэнцыі. Сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат — выключна прыхільнікі ўлады, а на адно месца ў Палаце прадстаўнікоў прэтэндуюць у сярэднім 2,7 чалавека.

Атмасферу гэтых выбараў у нашым эфіры пракаментаваў палітычны аналітык Вадзім Мажэйка:

-Мы не бачым нармальнага палітычнага змагання палітыкаў з розных партый, з рознымі ідэямі. Так, гэтага нічога няма, але ў прынцыпе мілітарны стыль гэтай кампаніі быў азначаны адразу. Скажам, мілітарна-рэпрэсіўны, бо ад пачатку кампаніі мы бачылі сустрэчы старшыні ЦВК Карпенкі з сілавікамі, акурат пра гэта паведамлялі навіны. Ні пра нейкія навацыі выбарчага працэсу, а пра сустрэчу з сілавікамі. Па шчырасці, не надта зразумела – навошта? Мы бачым актывізацыю сілавікоў, актывізацыю ціска. Бачым, як ідзе новая хваля ціску на былых палітвязняў, на іхных сваякоў, ціснуць на  BySOL і праз кібератаку, і праз інфармацыйную атаку. Працягваюць цягаць людзей у Беларусі ў КДБ, каб яны плацілі нейкія выкупы за сябе за тое, што яны данацілі BySOL, і гэта ўсё стыль гэтай палітынай кампаніі, які так адпавядае рэпрэсіўнаму духу Беларусі.

РР: Здавалася б, усё поле зачышчана. То нейкая ва ўладаў ёсць інфармацыя, што не зачышчана нічога, што настолькі беларусы не любяць Лукашэнку? Напрыклад, сёння Святлана Ціханоўская казала, што людзі сядзяць і чакаюць.

Вадзім Мажэйка: Насамрэч, што такое зачышчанае поле, што насамрэч можна зрабіць? Можна прыкрыць усе медыя, усіх прызнаць экстрэмістамі, можна лідараў думкі пасадзіць ці выслаць за мяжу. Так, можна. Але немагчыма прымусіць людзей палюбіць гэты рэжым. Тым больш, што за апошнія гады, адкінуўшы ўбок усе маральныя пытанні, па шчырасці сказаць, а што добрага адбылося ў Беларусі, што стала лепей? Нацыянальную бібліятэку пабудавалі, лядовыя палацы, перад 2020 годам нават не паспелі адкрыць БелАЭС. А што за апошнія 3 – 4 гады стала лепей у Беларусі?  Нічога.  Нават прапаганда нічога не кажа. То бок, няма ніякай добрай карцінкі, каб падаць. То калі нічога не робіцца лепей, а толькі горш, то з чаго людзі цябе палюбяць?!

25 лютага ў Беларусі – Адзіны дзень галасавання. Адначасова пройдуць выбары дэпутатаў усіх роўняў: ад сельсаветаў да Палаты прадстаўнікоў, а таксама будзе сфармаваны Савет Рэспублікі. На працягу 60 дзён пасля гэтага пройдзе так званы «Усебеларускі народны сход».

Беларускае Радыё Рацыя