BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выбары ў Польшчы: інтрыгі няма, але і так цікава

Прэзідэнцкая выбарчая кампанія ў Польшчы набыла досыць цікавы абарот. Грамадзяне ўжо прызвычаіліся, што падчас усіх выбарчых кампаній апошняга дзясятку гадоў на галоўнай сцэне змагаюцца дзве асноўныя палітычныя сілы. Аднак сёлета сітуацыя можа змяніцца. Каментуе Яна Запольская.

Звычайна палітычныя цяжкавагавікі, партыі “Грамадзянская платформа” і “Права і Справядлівасць”, змагаюцца за галоўныя пасады ў дзяржаве і большасць у парламенце. Што праўда, апошнім часам абедзве гэтыя палітычныя структуры крыху пабляклі. Таму і падчас апошняй кадэнцыі “Права і Справядлівасці” гэтая партыя вымушана была сфармаваць кааліцыйны ўрад з іншымі групоўкамі, так і цяпер “Грамадзянская платформа” сфармавала ўрад разам з іншымі палітычнымі кааліцыямі, бо самастойна гэтага зрабіць не здолела. Не зважаючы на гэта, расклад сіл выдаваўся ранейшым: або тыя, або гэтыя. І тут звыклы сцэнарый набывае досыць нечаканы абарот. А нарабіў шораху найперш Караль Наўроцкі.

“Сярэднестатыстычны гісторык, малавядомы грамадству”. Так яго ахарактарызаваў адзін з публіцыстаў партала Onet. Вылучыў яго кандыдатуру ў змаганні за прэзідэнцкае крэсла сам Яраслаў Качынскі, лідар партыі ПіС, маўляў гэта грамадзянскі кандыдат з нашай падтрымкай. Але, як кажуць, нешта пайшло не так. З кожным чарговым сацыялагічным апытаннем лічбы падтрымкі Наўроцкага няўхільна зніжаліся, нават аказалася, што і электарат “Права і Справядлівасці”, заўсёды здаецца адданы волі партыі ды яе лідара, сказаў “Не веру”. Караль Наўроцкі робіць надалей выгляд, што ўсё ў парадку, але пры гэтым не адзначаецца ні выразнымі палітычнымі поглядамі, ні яркімі прамовамі, ні той так неабходнай палітыка-лідарам харызмай. Дый яшчэ мае цьмяныя сувязі ў так званым “ценявым свеце” польскага Труймяста (Гданьск-Гдыня-Сопат). Вось дадзеныя апошняга апытання Opinia24 dla RMF:

– у першым туры выбараў за кандыдата “Грамадзянскай платформы”, цяперашняга прэзідэнта Варшавы, Рафала Тшаскоўскага галасавала б 32 працэнты грамадзян;

– за кандыдата “ПіС” Караля Наўроцкага гатовы аддаць галасы 19,5 працэнтаў апытаных;

– на трэцім месцы – і гэта чарговы сюрпрыз гэтай выбарчай кампаніі – лідар “Канфедэрацыі” Славамір Мэнтзэн, у якога 18,9 працэнтаў.

“Канфедэрацыя” пазіцыянуе сябе як вялікую кааліцыю правых груповак, якія рэалізуюць на палітычнай сцэне “прапольскі інтарэс”. Пад крылом гэтай партыі сабраліся нацыяналісты, кансерватысты ды іншыя правыя і ўльтраправыя. Што праўда, “Канфедэрацыя” апошнім часам змякчыла сваю рыторыку, пазбавілася са сваіх шэрагаў адыёзнага Гжэгажа Браўна, які праславіўся антысеміцкімі выхадкамі, але змена дэкарацый не змяняе сутнасці. Відаць не лёгкія часы, як ва ўнутрыпалітычным, так і ў знешнепалітычным свеце, даюць шанец менавіта такім палітычным сілам, што зрэшты адбываецца і ў некаторых іншых краінах Еўропы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Maciej Kulczyński, Marian Zubrzycki, Przemysław Piątkowski / PAP (Тшаскоўскі, Наўроцкі, Мэнтзэн)