Выбары ў ЗША. Кампанія кандыдата ў прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа заявіла, што некаторыя яе ўнутраныя камунікацыі былі ўзламаныя, і абвінаваціла ў гэтым Іран.
Раней выданне Politico паведаміла, што атрымала электронныя лісты з ананімнага акаўнта, які даслаў дакументы з перадвыбарнай кампаніі Трампа. Яны змяшчалі ўнутраную камунікацыю высокапастаўленага прадстаўніка кандыдата ў прэзідэнта і даследчае дасье, сабранае кампаніяй у дачыненні да напарніка Трампа, сенатара ад Агаё Джэй Д. Вэнса.
Тым часам, дзейны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у інтэрв’ю CBS News назваў «найважнейшай» на сённяшні дзень задачай перамогу над экс-прэзідэнтам і цяперашнім кандыдатам-рэспубліканцам на гэтую пасаду Дональдам Трампам на лістападаўскіх выбарах.
Нагадаем, Байдэн выйшаў з прэзідэнцкай гонкі ў канцы ліпеня пасля таго, як на яго пачалі ціснуць сябры яго ўласнай партыі пасля няўдалага выступлення на дэбатах супраць Трампа ў канцы чэрвеня.
Цяпер ад Дэмакратычнай партыі на выбарах будзе балатавацца цяперашняя віцэ-прэзідэнтка Камала Харыс.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: report.az