BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Выбары” з розніцай у 75 гадоў

Выбарчая кампанія, збор подпісаў, вылучэнне нязменнага кандыдата, выступленне кандыдатаў, якіх больш хочацца назваць клоўнамі, і, нарэшце, галасаванне, куды людзі ідуць натоўпамі, – дзесьці я пра такое чытаў… Пасля доўгіх роздумаў успомніў! Некалькі гадоў таму ўдалося мне пагартаць падшыўкі газет за 1950 год, там і знайшоў.

 У той год галоўнай падзеяй былі выбары ў Вярхоўны Савет СССР. На бягучыя прэзідэнцкія яны падобныя, па-першае, хуткасцю – афіцыйнае рашэнне было прынята 9 студзеня, а прызначаны на 12 сакавіка. Як бачым, лічылася, што ўся палітычная барацьба павінна была ўкласціся ў два месяцы.

 Па славутай савецкай традыцыі кандыдатаў вылучалі на сходах працоўных калектываў прадпрыемстваў і ўстаноў – заводаў, фабрык, калгасаў, інстытутаў, тэхнікумаў, школ, справаздачы некаторых сходаў друкаваліся ў газетах. Цікава было чытаць, як “працоўныя фанернай фабрыкі першымі кандыдатамі ў дэпутаты Савета нацыянальнасцяў Вярхоўнага Савета СССР вылучылі таварышаў Іосіфа Сталіна, Георгія Маленкова, Нікіту Хрушчова, а таксама…” далей, як правіла, ішло прозвішча сакратара абкама Камуністычнай партыі або старшыні абласнога Савета дэпутатаў, якія рэальна і выбіраліся па сваіх акругах. Часцей за ўсё гэта былі бляклыя фігуры, якія амаль нічым не запомніліся ў народзе: ні подзвігамі на франтах Другой сусветнай вайны, ні ў партызанскай барацьбе супраць нацыстаў, ні працоўнымі дасягненнямі – звычайныя партыйныя функцыянеры. За два месяцы яны па два-тры разы праводзілі фармальныя сустрэчы ў працоўных калектывах, удзельнікі якіх задавалі дзяжурныя пытанні і атрымлівалі банальныя адказы. Галоўным дэвізам такіх сходаў і ўвогуле ўсіх выбараў былі словы: “За перамогу сталінскага блока камуністаў і беспартыйных!”.

 Вызначэнне выбарчых участкаў і прызначэнне ў камісіі строга кантралявалася мясцовымі партыйнымі структурамі – мыш не пралезе. У камісіях толькі камуністы, а таксама перадавыя працаўнікі. А пра назіральнікаў тады і не чулі.

 Рэпартажы з дня галасавання ўвогуле ўражваюць. Карэспандэнты пісалі, як людзі прыходзілі на ўчасткі а чацвёртай гадзіне раніцы і чакалі, пакуль адчыняць а восьмай, каб першымі атрымаць бюлетэнь. Пісалася, што, хаця фармальна галасаванне павінна было доўжыцца да дваццаці гадзін, фактычна ўсе сто працэнтаў выбаршчыкаў адгаласавалі да апоўдня.

 На ўчастках працавалі буфеты, крамы, спецыяльна прывозіліся дэфіцытныя тавары, якія цяжка было ў той час купіць у гандлёвай сетцы ў іншыя дні. Музыка гучала з усіх рэпрадуктараў, гарманісты няспынна выдавалі полькі ды вальсы – са сталінскіх часоў пайшло цвёрдае перакананне аб тым, што выбары гэта не палітыка, а свята, народнае гулянне.

 Хуткацечнасць працэдуры, імітацыя палітычнага працэсу, адзіная галоўная фігура ў атачэнні марыянетак і клоўнаў, свята на фоне рэпрэсій і заціскання гаек – вось чым падобныя выбары цяпер і 75 гадоў таму. Адрозненні толькі ў прозвішчах і назвах прадпрыемстваў, фабрык, заводаў, устаноў, калгасаў, тэхнікумаў, школ…

 Ну а чым усё скончылася, нам кажа гісторыя. Няма Сталіна, разваліўся Савецкі Саюз, і вярнуць мінулае, зноў зайсці ў тую ж раку немагчыма. Хаця камусьці вельмі хочацца. 

Рыгор Скамарох

Малюнкі плакатаў з сайта papik.pro/grafic/plakat