Робім падсумаванне 2025 года. Госць Рацыі – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, лідар ПЦ “Вясна”, былы палітычны вязень Алесь Бяляцкі.

РР: Вашае сяброўства з Беларускім Радыё Рацыя налічвае ўжо шмат гадоў.
Алесь Бяляцкі: Мы даўно з вамі сябруем і я вельмі рады, што нашае перапыненае сяброўства працягваецца пасля некалькіх гадоў адсутнасці.
РР: Вядома, што знаходзячыся ў зняволенні, Вы былі ў інфармацыйнай блакадзе. Тым не менш, нейкую інфармацыю са знешняга свету Вы атрымлівалі. А цяпер Вы апынуліся проста ў віры інфармацыі. Наколькі Вы спрабуеце ўсё гэта чытаць, глядзець, пазнаваць ці неяк адмяжоўваецеся?
Алесь Бяляцкі: Я па максімуму імкнуся зараз насыціцца, атрымаць інфармацыю, захапіць усё што можна. Кожны дзень размовы, сустрэчы, інфармацыя…
РР: Адразу пасля вызвалення Вы неаднойчы падкрэслівалі пра важнасць таго, каб на волю выходзілі іншыя палітычныя зняволеныя. І важнасць таго, каб адначасна ў Беларусі спыняліся далейшыя рэпрэсіі, каб месцы вызваленых не займалі наступныя вязні. І што мы можам у гэтым кірунку зрабіць?
Алесь Бяляцкі: Вельмі шмат што зроблена, я хацеў бы падзякаваць усім тым людзям, якія хоць штосьці рабілі на карысць беларускіх палітычных вязняў, на карысць мяне асабіста. Я ведаю, што гэта тысячы людзей і ў самых розных краінах і ў самых розных месцах: і ў цэрквах, і ў касцёлах, і ў палітычных калідорах, і ў грамадскіх памяшканнях. Гэта сапраўды вельмі важан, таму што выказваючы еднасць з палітвязнямі, мы яднаемся самі. Таму вельмі важна працягваць гэту працу і спадзявацца, што неўзабаве ўсе беларускія вязні выйдуць на волю. Я ў гэта веру.
РР: На Вашую думку, як за гэтыя чатыры гады змянілася Беларусь?
Алесь Бяляцкі: Падсумоўваць мне яшчэ рана і не прыходзіцца, бо я сам яшчэ не ачомаўся да канца. Кожны дзень хаджу да лекараў, крыху падлечваюся, адным словам, ідзе працэс уваходжання ў нармальнае спакойнае жыццё. Што тычыцца беларускай актыўнасці, у Вільні жыццё буяе напоўніцу. Тут багата і маіх старых сяброў і знаёмых, і вельмі важна, што багата моладзі, якая імкнецца штосьці рабіць для Беларусі па-беларуску. Па вялікім рахунку сёння не так важна, дзе жывуць беларусы. Галоўнае, каб яны ядналіся, каб яны рабілі беларускую справу і гэта дасць свой плён.
РР: Надалей праваабарончая дзейнасць у Вас будзе на першым плане, як у заснавальніка Праваабарончага цэнтру “Вясна”?
Алесь Бяляцкі: Пэўна, што пакуль ёсць сілы, пакуль ёсць імпэт, жаданне ў мяне не знікла, умацавалася, тым больш, што праблемы нашыя нікуды не дзеліся. Мы ў пэўнай ступені дасягнулі незалежнасці Беларусі, але нам важна, каб яна стала дэмакратычнай краінай, каб яна была краінай-маці для ўсіх беларусаў, дзе б яны не былі.
РР: У месцах зняволення застаюцца яшчэ больш за 1100 толькі прызнаных праваабарончай супольнасцю палітвязняў. І са сведчанняў тых, хто выйшаў, мы ведаем, што яны там адчуваюць не толькі псіхалагічны ціск фактычна штодня, але здараюцца і фізічныя катаванні. І знаходзячыся па гэты бок, не ведаеш, як пра гэта паведамляць, некаторыя палітвязні не хочуць, каб пра іх казалі. Ці ёсць у Вас нейкія парады, як працаваць у гэтай сітуацыі?
Алесь Бяляцкі: Трэба падтрымліваць палітвязняў, бо гэта самая ўражлівая група, якая патрабуе абароны. Не будзем пра іх гаварыць, будзем маўчаць – значць будуць яны сядзець і будуць з’яўляцца новыя палітвязні. Таму вельмі важна гаварыць пра іх. А што тычыцца кожнага асабіста чалавека, усе палітвязні дарагія для мяне. Усе мы павязаныя гэтай турмой. І я спадзяюся, што гэты цяжкі перыяд жыцця нікога не зламае, а наадварот умацуе ў сваіх перакананнях. Таму што недарэмна мы адбылі гэты час у зняволенні. І што ў рэшце рэшт нашая мара – гэта незалежная дэмакратычная Беларусь стане рэальнасцю.
РР: У зняволенні Вы дазналіся, што сталі лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Ці гэты статус на сёння неяк уплывае на Вас?
Алесь Бяляцкі: Пэўна, што накладае большую адказнасць. І гэта патрабуе яшчэ майго ўсведамлення, але відавочна, што адысці ад грамадскай дзейнасці нават пасля такіх цяжкіх выпрабаванняў у зняволенні мне не прыйдзецца. Прыйдзецца працаваць далей, што я і буду рабіць. Думаю, што Нобелеўская ўзнагарода дапаможа мне быць больш пачутым ва ўсім свеце.
РР: Зараз Вы сказалі, што “недарэмна мы адбылі гэты час у зняволенні”. Адкуль у Вас гэтая ўпэўненасць, што недарэмна?
Алесь Бяляцкі: Таму што вельмі часта чалавек не выбірае свой лёс, а тут лёс выбірае яго. І калі наш час нас выбраў і вымусіў нас прайсці праз гэтыя выпрабаванні, дык тут асабліва ўцякаць не было куды, дзявацца не было куды. І так было і перад нашымі пакаленнямі, і перад намі, сотні тысячаў беларусаў ішлі па гэтым шляху стагоддзі і мы яшчэ не дасягнулі пастаўленых мэтаў. І таму, я думаю, асабліва шкадаваць не прыходзіцца. Ты ўсё роўна сваё жыццё пражываеш ці ў турме, ці на свабодзе. Вельмі важна, як ты яго пражываеш. Вось гэтае імкненне беларусаў да таго, каб будаваць нармальнае, спакойнае, еўрапейскае шчаслівае жыццё застаецца ў нашага народа і, на жаль, сёння гэтая хунта, якая акупавала Беларусь, якая трымае гэтую ўладу незаконна, і гэтая барацьба яна працягваецца, то трэба разумець, што гэтыя ахвяры недарэмныя, што яны кладуцца ў падмурак будучыні Беларусі.
РР: Ці Вы адчуваеце нянавіцсь да тых, хто адказны за гэтую сітуацыю?
Алесь Бяляцкі: Тых людзей, якія паспрыялі ці арганізавалі сітуацыю, у выніку якой мы апынуліся ў турме, я вельмі спадзяюся, што прыйдзе час і кожны атрымае па справядлівасці. У мяне да іх увогуле няма ніякіх пачуццяў, апроч брыдкасці, мярзотнасці да іх.
РР: Сустракаемся напярэдадні 2026 года. І яго Вы сустрэнеце на волі ў атачэнні блізкіх, складзіце пажаданні для нашых слухачоў і ўсіх беларусаў, якія нас слухаюць.
Алесь Бяляцкі: Я жадаю ўсім беларусам шчаслівага Новага года, вясёлых Калядаў, шчасця і радасці і ладу ў сям’і! Каб наступны год нам прынёс болей радасці і пазітыўных пачуццяў. І дабрабыту ўрэшце, каб мы адчувалі сябе больш пэўна і каб у рэшце рэшт усе беларусы, дзе б яны не жылі, адчувалі сябе адзінай сям’ёй. І каб менш горычы было ў гэтым годзе, а больш было радасці і святкаванняў. І жадаю ўсім шчасця, радасці. Жыве Беларусь!
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






