Калі скарочана, законна абраная прэзідэнтка, а цяпер сімвал незалежных беларусаў, спадарыня Ціханоўская са сваім навагоднім зваротам выступіла ў якасці псіхатэрапеўткі. Нічога канкрэтнага, ніякіх абяцанняў, але сцверджанне таго, што беларусы крутыя. Таму не варта ныць, бо неканкрэтная будучыня ў кожным разе пазітыўная.

Цытую тэзісы Святланы Ціханоўскай:
«Дзякуючы салідарнасці, мы зможам вызваліць палітвязняў»;
«Дзякуючы нашаму адзінству, мы здабудзем новых саюзнікаў у свеце»;
«Дзякуючы нашай мудрасці, мы будзем рабіць менш памылак»;
«Дзякуючы нашаму жыццялюбству – больш усміхацца, і падтрымліваць адзін аднаго»;
«І галоўнае – дзякуючы сіле нашага народу, крок за крокам разам ісці да свабоднай і незалежнай Беларусі».
Спачатку пра сумнае. Не, дзякуючы салідарнасці мы не вызвалім палітзняволеных. Іх можна вызваліць усіх толькі зрынуўшы рэжым Лукашэнкі. Некаторых можна вытаргаваць. У першым і другім варыянце патрэбная палітычная воля калектыўнага Захаду.
Ёсць трэці варыянт, пайсці шляхам Ірландскай Рэспубліканскай Арміі, якая сілай вызваляла сваіх палітычных зняволеных. Але не маючы шырокай палітычнай падтрымкі за мяжой, ІРА мусіла згарнуць сваю дзейнасць.
Другі тэзіс Святланы Ціханоўскай пра саюзнікаў у свеце. Дзякуючы нашай салідарнасці, мы дапаможам адзін аднаму. Што да саюзнікаў, беларусаў пракінулі дзеля «рэальнай палітыкі» на поўдні, пракідаюць цяпер і на Захадзе, канцэнтруючы ўвагу на «дэмакратычных расейцах».
Таму саюзнікі ў нас могуць быць толькі ў выпадку, калі «мы» беларусы будзем уяўляць з сябе арганізаваную сілу.
Трэці тэзіс пра мудрасць беларусаў. Тут ужо пачынаецца пазітыў, бо за апошнія тры з паловай гады беларусы і праўда моцна пракачаліся як супольнасць. Важна каб атрыманы калектыўны досвед будавання сацыяльных пчаліных сотаў не пайшоў дарма. А для гэтага глядзім вышэй – патрэбная палітычная самаарганізацыя. Хай сабе пакуль толькі за мяжой.
Чацвертае пра жыццялюбства – у чыстым выглядзе псіхатэрапія. Зрэшты, беларускае жыццялюбства бліжэй не да ўсмешак, а да ўпартай скіраванасці на выжыванне.
І пяты тэзіс пра крок за крокам ісці да незалежнай Беларусі. Тут бяспройгрышны тэзіс, бо калі аб’яднаемся і выжывем, то ў кожны разе пабачым канец рэжыму. Пытанне толькі праз колькі гадоў.
Таму так: аб’яднаемся палітычна – будуць саюзнікі, будуць саюзнікі – будзе шанец на вызваленне Беларусі ўсімі без вынятку магчымымі спосабамі.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя