Госць Рацыі – прадстаўніца дэмакратычных сілаў у Чэшскай Рэспубліцы Крысціна Шыянок.

РР: Пагутарым на тэму палітвязняў, якіх вывезлі ва Украіну. Пераезд іх на тэрыторыі Еўрапейскага звязу пакуль не вырашаны праз адсутнасць дакументаў і складанасці лагістыкі. Калі ласка, ваш погляд на гэтую сітуацыю.
Крысціна Шыянок: Тое, што атрымалася вызваліць такую вялікую групу людзей, гэта безумоўна радасць. Я думаю, многія беларусы і беларускі, калі даведаліся, адчулі такую светласць унутры. Бо пакуль людзі знаходзяцца ў палоне, немагчыма радавацца поўнавартасна жыццю. Але адначасова для нас будзе вялікім выклікам тое, што гэтым разам рэжым вырашыў іх прымусова перамясціць ва Украіну, туды, дзе не была падрыхтаваная з боку беларускіх дэмакратычных сілаў належная структура. На шчасце пэўная структура была ва ўкраінскага боку, які займаецца, у кантэксце вайны з Расеяй, вяртаннем палонных украінцаў.
І цяпер безумоўна будзе стаяць пытанне далейшага лёсу гэтых людзей і краінаў далейшага пражывання для іх. Ужо з той інфармацыі, якая ў нас ёсць на сёння, мы ведаем, што некаторыя вызваленыя палітзняволеныя маюць пэўную повязь з канкрэтнымі краінамі. І гэта будзе няпростая задача, як юрыдычна і лагістычна дапамагчы ім патрапіць менавіта ў тыя краіны, з якімі ў іх ёсць повязь.
Што тычыцца Чэхіі. На сёння мы для сябе зафіксавалі, што ў гэтай апошняй групе вызваленых, ёсць як мінімум два чалавекі, хто з аб’ектыўных прычынаў хацеў бы апынуцца ў Чэхіі. У адным выпадку гаворка ідзе пра жанчыну, мужчына якой пражывае ў Чэхіі. У другім выпадку гаворка ідзе пра чалавека, чый блізкі сябра пражывае ў Чэхіі і гатовы дапамагчы яму як з жытлом, так і з працаўладкаваннем.
І мы з учорашняга дня, пасля таго як гэта стала вядома, на сувязі з Міністэрствам замежных спраў Чэхіі, каб зразумець, па-першае, пазіцыю чэшскага боку, чэшскіх прадстаўнікоў, ці гатовыя яны зрабіць аператыўныя рашэнні ў гэтай сітуацыі. І па-другое, калі так, то дамовіцца пра фармальны бок, – якім чынам можна будзе гэтых людзей у пэўны момант перавезці ў Чэхію.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






