BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Вызваленне палітвязняў – галоўны вынік 2025 года”

Сёння, 30 снежня, прыйшла навіна пра памілаванне палітвязняў. Рэжым у Беларусі гэта трактуе, як акт міласэрнасці. Гэта пятая хваля ў гэтым годзе. Як звязанае вызваленне палітвязняў з эканомікай ды міжнароднай палітыкай? Далей абмяркоўваем тэму ды таксама робім падсумаванне году 2025 з эканамічным блогерам, палітычным дзеячам Аляксандрам Кныровічам.

РР: Аляксандр Лукашэнка падпісаў загад аб вызваленні 22 чалавек, 20 з якіх – палітвязні. А перад гэтым былі чатыры хвалі вызвалення палітвязняў. Ці гэта вельмі важны вынік года?

Аляксандр Кныровіч: Канешне, для мяне асабіста, калі я думаю пра тое, што адбылося ў 2025 годзе, то ўсе эканамічныя падзеі адыходзяць на другі план, галоўнае, што выходзяць людзі. Тыя людзі, якія павінны былі памерці  ў турмах Беларусі праз катаванні, несправядлівыя, незаконныя прысуды, і таму, канешне, галоўная падзея – гэта тое, што мы пабачылі шмат людзей, пабачылі лідараў Беларусі 2020 года.  Але для мяне няма розніцы паміж палітвязнямі, якія невядомыя шырокай публіцы, і, напрыклад, Машай Калеснікавай ці Віктарам Бабарыкам. Бо гэта тыя ж грамадзяне – патрыёты Беларусі. Таму, канешне, гэта галоўная падзея і таму што выйшла яшчэ 20 палітвязняў перд самым Новым годам, і два чалавекі, якія не з’яўляюцца палітвязнямі. Але, ведаеце, калі я быў там, за кратамі, я пабачыў, што няма ніводнага законнага прысуду ў Беларусі, на жаль. Менавіта таму мы займаем першы радок у рэйтынгу колькасці зняволеных на тысячу насельніцтва ў Еўропе. Таму я радуюся ўсім 22 вызваленым чалавекам, а не толькі палітвязням.

Другі галоўны вынік для мяне – гэта тое, што ўсё ж такі некаторы рух  у спыненні расейскай агрэсіі супраць Украіны ён усё ж такі сёння бачны. Ён вельмі невялікі. Пуцін не выказвае ніякага жадання закончваць гэтую вайну. Ён натуральна жыве гэтай вайной. Але ўсё ж такі рух і намаганні Трампа ў гэтым накірунку ёсць. І для мяне гэта другі галоўны вынік і ўсе эканамічныя падзеі знаходзяцца дзесьці далёка за імі.

РР: Чаму менавіта 2025 год стаў такім пераломным у вызваленні палітвязняў? Відавочна, тут эканоміка нейкім чынам звязаная? Ці звязана гэта з тым, што Трамп з’явіўся ў Белым доме, ці з нейкімі іншымі настроямі ўнутры Беларусі? Ці ўсё ж такі Лукашэнку прыціснулі?

Аляксандр Кныровіч: Мы можам паглядзець на справу такім чынам, што ён вельмі жадае знайсці сябе і ўвогуле рэжым і краіну ў 2019 годзе, як быццам нічога не было, калі ў яго сядзелі паслы, калі ўсе разумелі, што ён дыктатар, але да яго даўно прызвычаіліся ўся Еўропа, і мелі эканамічныя стасункі і прызанавалі  яго фактычна прэзідэнтам, не прызнаючы яго дэ-юрэ празідэнтам. І ў яго вялікае жаданне вярнуцца туды. Прайшло пяць гадоў, і гэтыя выбары, якія прайшлі напачатку 2025 года, яны павінны былі стаць перагорнутай старонкай, але гэтага не атрымалася. І мы бачым, як яго трыгерыць, гэты яго апошні выступ на УНС, калі ён кожныя дзесяць хвілін узгадваў 2020 год, узгадваў апазіцыю. Гэта азначае, што нічога не скончылася. І, канешне, намаганні вызваляць палітвязняў не звязаныя ні з якім гуманізмам, гэта спроба атрымаць легітымнасць з боку заходніх лідараў і гэта спроба трохі вырашыць эканамічныя праблемы. І калі з’явіўся Трамп,  у Лукашэнкі з’явіліся нейкія шансы, каб атрымаць гэтую легітымнасць, атрымаць паляпшэнне эканамічных стасункаў і ён іх як разумее, так  і выкарыстоўвае. Нягледзячы на тое, што я вельмі дрэнна стаўлюся да Трампа, я лічу, што гэта вялікая бяда для Амерыкі і для сусвету, тым не менш, ён выконвае зараз вельмі станоўчую ролю ў Беларусі для беларускіх гарамадзян, і можна толькі падзякаваць за тое, як ім удаецца зрабіць тое, што не могуць зрабіць беларускія дэмакратычныя сілы.

Па выніках студзеня-кастрычніка 2025 года рост валавага ўнутранага прадукту ў Беларусі склаў 1,5%. Міжнародныя арганізацыі прагназуюць выніковы гадавы рост у дыяпазоне ад 1,7% да двух адсодкаў, а гэта ніжэй за паказчыкі папярэдняга года.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя