BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вызваліць і працягваць рабіць гадасці

Улады анулююць пашпарты тых палітвязняў, якіх пасля вызвалення дэпартавалі з Беларусі. Як расказаў Еўрарадыё адзін з былых палітзняволеных, калі ён зайшоў на сайт МУС, каб праверыць свой статус, – убачыў, што яго пашпарт больш не дзейнічае.

Віталь Цыганкоў

З такой праблемай сутыкнуліся і іншыя былыя вязні. Праўда, яна пакуль што не датычыцца тых, каго вызвалілі ўжо сёлета.

Гэта азначае, што ўсе беларускія рахункі і іншыя магчымасці, завязаныя на пашпарт (е-паслуга, сім-карты і г.д.) аўтаматычна будуць заблакаваныя.

Пакуль ідзе разгляд заявы на бежанства ці на гуманітарны дазвол на жыхарства, чалавек не мае на руках еўрапейскага праязнога дакументу. Ануляванне беларускага пашпарта азначае, што звесткі пра яго несапраўднасць могуць быць перададзеныя ў міжнародныя базы, такія як база скрадзеных і згубленых дакументаў Інтэрпола – што таксама ў пэўных сітуацыях можа ўтварыць дадатковыя праблемы. Акрамя таго, калі раней у іх была магчымасць падарожнічаць у краіны, у якія не патрэбная віза з беларускім пашпартам, то цяпер гэта стане немагчыма.

Ці, напрыклад, былому палітвязню журналісту Ігару Карнею, які разам з вызваленнем быў выдвараны з Беларусі, па месцы прапіскі прыходзіць квіток на аплату 258 рублёў – відаць, ягоная «запазычанасць» перад калоніяй за тыя «мадэльныя строі», у якія апранаюць зняволеных.

Як бачым, цяперашнія ўлады Беларусі сабе не здраджваюць. Ня маючы магчымасці пагражаць былым палітвязням, якія знаходзяцца зараз за мяжой, новымі пасадкамі – яны вырашаюць хаця б стварыць ім максімальна перашкодаў у жыцці ў эміграцыі.

Таксама вядома, у якія драконаўскія ўмовы пастаўленыя тыя палітычныя вязні, хто быў датэрмінова вызвалены 19 сакавіка і застаўся ў Беларусі. Ім, у прыватнасці, забаронена выкарыстоўваць банкаўскія карты і афармляць ды карыстацца SIM-карткамі. Любое нязначнае парушэнне можа прывесці да паўторнага зняволення. Таксама паведамляецца, што ў святочныя дні вызваленых могуць змяшчаць у ІЧУ або СІЗА. Трэба хадзіць на нейкія прапагандысцкія «інфармацыйныя перадачы», па месцы пражывання ў любы момант можа прыйсці ўчастковы. Гэтыя людзі, якія ніыта маюць усе тыя правы, што і іншыя грамадзяне Беларусі, ня могуць нават аформіць даверанасць на сваіх блізкіх.

Фактычна можна сказаць, што людзі, якія былі вызваленыя і засталіся жыць у Беларусі, не з’яўляюцца канчаткова свабоднымі, і да іх не магчыма ўжываць панятак «былыя палітзняволеныя».

Гэта чарговы раз дэманструе, што нават у сённяшняй рэпрэсіўна стэрыльнай сітуацыі, калі любая палітычная актыўнасць азначае ня проста праблемы, а адразу зняволенне – нават у гэтай сітуацыі ўлады перастрахоўваюцца і баяцца хоць трошкі аслабіць кантроль над грамадствам. Пад маркай вялікай угоды з ЗША яны могуць працягваць вызваленне палітвязняў, але не жадаюць і не пойдуць на нейкую хаця б умоўную лібералізацыю ўнутры краіны.

Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя