Еўропа можа адправіць ва Украіну сілы “запэўнення” або “стрымлівання” ў складзе некалькіх брыгад. Гаворка ідзе пра арыентыровачную колькасць ад 25 000 да 30 000 вайскоўцаў.

Пра гэта са спасылкай на крыніцы піша The Washington Post. Адзначаецца, што гэтыя войскі, калі іх такі адправяць ва Украіну, не будуць размешчаны ўздоўж лініі судакранання, але будуць гатовы да “дэманстрацыі сілы”, калі расейская армія адновіць баявыя дзеянні.
Пры гэтым выданне зазначае, што войскі могуць быць падтрыманы “вялікай колькасцю сіл з-за межаў Украіны” ў выпадку, калі ім трэба будзе хутка нарошчваць сілы і прасоўвацца.
Францыя ж ажыццявіла больш прасунутае ваеннае планаванне. Па розных ацэнках, Парыж можа адправіць каля 10 000 вайскоўцаў, “хоць іншыя еўрапейскія саюзнікі пакуль што адчуваюць большую занепакоенасць або сутыкаюцца з абмежаванымі магчымасцямі сваіх узброеных сіл”, сказалі два суразмоўцы журналістаў.






