Каардынацыйны штаб Украіны па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі пацвердзіў вяртанне 31 грамадзяніна Украіны, якія былі затрыманыя і асуджаныя ў Беларусі на тэрміны ад 2 да 11 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле штаба, сярод вызваленых — як жанчыны, так і мужчыны. Наймаладзейшай украінцы, якая сёння вярнулася дадому, — 18 гадоў, найстарэйшай — 58. Сярод вызваленых ёсць мірныя жыхары з цяжкімі захворваннямі, у тым ліку анкалагічнымі.
«У выніку паспяховых перамоваў з беларускім бокам Штабу па даручэнні прэзідэнта Украіны ўдалося вярнуць 31 грамадзяніна, якія ўтрымліваліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленні.
Украінскі бок выказаў падзяку Злучаным Штатам Амерыкі і прэзідэнту Дональду Трампу за «плённую працу па вяртанні ўкраінскіх мірных жыхароў і вайскоўцаў з Беларусі і Расеі».





