З Каардынацыйнай рады 3-га склікання сыходзіць і былы прадстаўнік фракцыі “Воля” Аляксандр Клачко. Пра гэта ён паведаміў у сваіх сацыяльных сетках 18 снежня. У сваім паведамленні ён падзякаваў 432-м беларусам, якія аддалі свае галасы за “блок Воля” і былым чальцам фракцыі – Аляксандру Кабанаву, Генадзю Манько і свайму памочніку Максіму Капрану.

Былы добраахвотнік і ўжо былы чалец Каардынацыйнай рады Аляксандр Клачко пракаментаваў свой сыход:
-Я на халодную галаву, дзякуючы ў тым ліку негатыўным момантам няўдалай спробы рэйдарскага захопу фракцыі «Воля» і інсінуацыям з боку кіраўніцтва сакратарыяту КР, прыняў канчатковае рашэнне, якое мы агучылі, што фракцыя “Воля” сыходзіць з КР. І для мяне паслядоўным выглядае, што калі фракцыя сышла, я мушу таксама скласці мандат.
Паводле Аляксандра Клачко, сыход астатніх сябраў блока “Воля” абмяркоўваўся ўнутры каманды, але астатнія сябры застаюцца па-за фракцыяй у Каардынацыйнай радзе:
-Размова ідзе пра Генадзя Манько і Змітра Баранава. Бо Віталь Пацехін ён застаўся, не падтрымаў каманду і спрабаваў з Пятром Маркелавым здзейсніць гэты рэйдарскі захоп фракцыі «Воля». І так сталася, што кожны дэлегат прымае рашэнне самастойна.
Як зазначае Аляксандр Клачко, нягледзячы на свой сыход з КР, ён лічыць, што Каардынацыйная рада мае патэнцыял, бо яе прызнаюць на міжнароднай арэне.
Беларускае Радыё Рацыя






