BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

За гады кіравання Лукашэнкі Беларусь страціла кожнага чацвертага

Як паведамляе Белстат, за мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек. Па стане на 1 студзеня 2026 года ў Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, жылі 9 056 080 чалавек.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Гэта можа прагучаць як цікавае супадзеньне, але — на самой справе — насельніцтва Беларусі пачала зніжацца адразу пасля таго, як да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка. Менавіта ў 1994 годзе была максімальная для краіны лічба – 10 мільёнаў 243 тысячы. Адразу пасля гэтага насельніцтва пачало зніжацца кожны год, і гэта працэс ужо не меў ніякіх перапынкаў

Аднак трэба разумець, што афіцыйная лічба – 9 мільёнаў 56 тысячаў – зусім не адпавядае рэальнасці. Бо статыстыка па-ранейшаму працягвае лічыць жыхарамі Беларусі тых, хто выехаў з краіны, але мае тут рэгістрацыю. У мяне ёсць знаёмы, які ўжо гадоў 20 жыве за мяжой, атрымаў там грамадзянства, прыязджае ў Беларусь можа раз у некалькі гадоў. Але з пункту гледжання беларускай статыстыкі ён пражывае ў краіне, і ўваходзіць у тыя самыя 9 мільёнаў. Бо застаецца прапісаным у менскай кватэры, кожныя выбары яму прыходзяць запрашэнні як і іншым грамадзянам.

Так што даўно афіцыйныя лічбы не адпавядалі рэчаіснасці, бо ў Беларусі фактычна не пражывалі тыя сотні тысяч людзей, якія з’ехалі ад пачатку 1990-х, але афіцыйная статыстыка гэта не ўлічвала, бо яны не рэгістравалі свой ад’езд. Працэсы эміграцыі кардынальна паскорыліся пасля 2020 году, калі сотні тысяча беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну з-за палітычных рэпрэсій і адсутнасці базавых свабодаў у краіне. Да эканамічнай эміграцыі, якая была заўсёды, дадалася і моцная хваля палітычнай.

Так што цяпер, калі ўлічыць усе гэтыя аспекты, то, на думку некаторых спецыялістаў, дэмаграфаў і сацыёлагаў, у Беларусі рэальна пражывае каля 8 мільёнаў чалавек.

Улада часта кажа пра дэмаграфічныя праблемы, рознымі шляхамі спрабуючы падвысіць каэфіцыент нараджальнасці ў Беларусі. І трэба сказаць, што ў 2010-я гады, дзякуючы розным матэрыяльным стымулам быў часова дасягнуты некаторы эфект, у 2016 годзе колькасць дзяцей на адну жанчыну склала 1.76. Аднак з таго часу гэты паказчык пачаў зноў падаць, і цяпер складае каля 1.2 – адна з найменшых лічбаў у свеце.

Вынік такі – нараджальнасць працягвае падаць, эміграцыя з краіны працягвае расці. Калі прыняць ацэнкі, што зараз на тэрыторыі Беларусі рэальна знаходзіцца каля 8 мільёнаў, то атрымліваецца, што за гады кіравання Лукашэнкі Беларусь страціла кожнага чацвертага.

Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя