Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што некалькі месяцаў таму ў Берасцейскім абласным судзе паводле артыкулаў «шпіянаж» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» Крымінальнага кодэкса асудзілі Дзмітрыя Шлэтгаўэра.

Праваабаронцы адзначаюць, што паводле артыкулу аб шпіянажы ў Беларусі «могуць судзіць толькі замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства».
Працэс па справе Дзмітрыя Шлэтгаўэра праходзіў у закрытым рэжыме, на сайце Вярхоўнага суда ён не пазначаўся. Пра абставіны справы праваабаронцам нічога невядома. Прысуд Шлэтгаўэру таксама невядомы, але санкцыя апошняга артыкула прадугледжвае ад 7 да 15 гадоў зняволення.
30 жніўня Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць апеляцыйную скаргу на прысуд.
Паводле звестак праваабаронцаў, з 2020 году па палітычных справах у Беларусі за «шпіянаж» асудзілі трох чалавек — грамадзяніна Польшы Томаша Бярозу (яму прысудзілі 14 гадоў зняволення) і ўкраінцаў Андрэя Шмая (прысуд невядомы) і Наталлю Захаранку (прысудзілі 9 гадоў зняволення; у канцы чэрвеня яе вызвалілі з беларускай турмы ў рамках абмену палоннымі паміж Расеяй і Украінай).
У 2022-2023 гадах контрвыведка КДБ Беларусі затрымала 16 замежнікаў, заявіў старшыня КДБ Іван Церцель 20 лютага на пашыранай нарадзе Лукашэнкі з кіроўным складам сілавых органаў.
24 чэрвеня Менскі абласны суд вынес смяротны прысуд грамадзяніну Нямеччыны Рыка Крыгеру. Суд прызнаў яго вінаватым паводле 6 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх арт. 358-1 (агентурная дзейнасць). Пазней Крыгер быў памілаваны Лукашэнкам і перададзены нямецкаму боку ў рамках абмену зняволенымі паміж Расеяй, ЗША і яшчэ некалькімі краінамі.
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны» на 1 ліпеня, у зняволенні паводле «палітычных» прысудаў у Беларусі знаходзяцца грамадзяне Украіны, Польшчы, Расеі, Латвіі, Казахстана і Узбекістана — агулам 25 чалавек. Насамрэч іх можа быць больш.
Крыніца: Свабода






