
Выбарчая камісія зацвердзіла вынікі выбараў у трэці склад Каардынацыйнай рады, што праходзілі ў анлайн з 25 па 27 траўня. Прагаласавала 6723 беларусаў.
Кажа старшыня выбарчай камісіі КР Алена Прыходзька:
– Прагаласавала, усяго прайшло транзакцый 6723. І 273 з іх сістэма пазначыла па розных прычынах, як падазроныя. То бок гэтыя галасы прайшлі, людзі прагаласавалі, але былі пазначаныя, як падазроныя. З гэтых 237 галасоў, адпаведная справаздача Паўла Лібера, 108 галасоў дакладна належалі асобам з пратэрмінаваным пашпартам.
Па словах Алены Прыходзькі, па выніках выбараў яшчэ чакаюцца справаздачы міжнародных назіральнікаў. Кадэнцыя Каардынацыйнай рады 3-га склікання пачнецца 15 чэрвеня.
Мандаты размеркаваліся наступным чынам:
- Каманда Латушкі і рух “За Свабоду” — 28 мандатаў
- Блок Пракоп’ева-Ягорава — 13 мандатаў
- “Еўрапейскі выбар” — 8 мандатаў
- “Незалежныя беларусы” — 8 мандатаў
- “Моладзевы наступ” — 8 мандатаў
- “Наша справа” — 6 мандатаў
- “Воля” — 6 мандатаў
- “Хопіць баяцца” — 3 мандаты
Блокі “Голас дыяспар — адзінства над межамі”, “Краіна для жыцця” і “Салідарнасць” не пераадолелі трохадсоткавы бар’ер.
Для ўдзелу было зарэгістравана 12 выбарчых спісаў, адзін з іх — «Закон і правапарадак» на чале з лідарам арганізацыі былых сілавікоў ByPol Аляксандрам Азаравым — 24 траўня быў выключаны з гонкі пасля скандалу з агітацыяй праз чат-бот плану “Перамога” (“Перамога”).
Раней улады прызналі ўсе 12 выбарчых спісаў “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Пазней Следчы камітэт адкрыў крымінальныя справы на 257 чалавек, якія выказалі жаданне балатавацца ў Каардынацыйную раду.






