У Беларусі пачалася дыскусія пра свабоду слова, што цікава, пачалася яна ў дзяржаўных СМІ. Перад гэтым адбыліся пэўныя падзеі. Абмяркуем гэта з палітычным аналітыкам, медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім.

РР: 3-га красавіка Ютуб выдаліў Ютуб-каналы трох дзяржаўных прапагандысцкіх СМІ: ОНТ, СТВ і БЕЛТА. Шмат зараз інфармацыі ў дзяржаўных СМІ пра тое, што на Захадзе свабода слова не працуе. Пракаментуйце гэту сітуацыю.
Паўлюк Быкоўскі: Мы дагэтуль не ведаем дакладнай інфармацыі, чаму выдаленыя гэтыя Ютуб-каналы, афіцыйнай інфармацыі не было. Але мы ведаем, што кіраўнік Беларускага расследвальніцкага цэнтра Стас Івашкевіч скардзіўся на матэрыял, распаўсюджаны СТВ, праграма Рамана Пратасевіча, дзе былі персанальныя дадзеныя Івашкевіча, адрас яго кватэры і фактычныя заклікі з ім разабрацца. Гэта, відавочна, парушае правілы супольнасці Ютуба і таму ў гэтай гісторыі высокая верагоднасць таго, што гэта было прычынай прыняцця рашэння. Але мы не ведаем, ці гэта было выдаленне канала, ці замарозка на час разбіральніцтва. Пазьней была гісторыя пра тое, што тэлеканал СТВ рэаніміраваў запасны канал СТВ+, але ён таксама стаў недасяжны.
РР: Тыя інфармацыі, якія хочуць прасунуць улады Беларусі, яны іх рассылаюць абсалютна ўсюды, нават на тг-каналы раённых газетаў. І акурат там была заява Міністэрства інфармацыі Беларусі пра тое, што парушаецца свабода слова, паглядзіце, як на Захадзе не цэняць свабоду слова. Як такія выказванні прапаганды можна ацаніць?
Паўлюк Быкоўскі: Насамрэч, яны выкарысталі зброю прававой дзяржавы і дэмакратычнага падыходу супраць сваіх апанентаў, сказаўшы, што гэта парушэнне міжнароднага пакта аб грамадзянскіх правах і так далей. Само па сабе гэта нічога не вырашае, бо калі былі парушэнні, і калі гэта было абгрунтавана, то такія рашэнні былі прынятыя. Бо Гугл не займаецца ўласна кажучы палітыкай, ён займаецца бізнесам. І ёсць пэўныя правілы, якія маглі быць парушаны. Тут мы можам бачыць іншае. Дзяржаўныя СМІ Беларусі выкарыстоўвалі каналы на Ютубе для таго, каб дасягаць сваіх мэтаў і гэтыя мэты ў нашых пытаннях разыходзіліся з правіламі гульні, але мы не ведаем, ці гэтае рашэнне было канчатковым, бо на Ютубе цалкам магчымае і аднаўленне.
РР: Новы міністр інфармацыі Дзмітрый Жук заявіў, што «любое рашэнне, асабліва такога плана, як забарона, павінна быць выразна прадумана. Павінны быць прадуманы яго наступствы. Яно павінна быць мэтазгодным і эфектыўным”. Паводле Жука, Лукашэнка – «не прыхільнік забаронаў». І мне здаецца, што Расея паказала, што такая блакада – гэта шлях у нікуды.
Паўлюк Быкоўскі: Я тут хутчэй згодны з вашым аналізам. З пункту гледжання інфармацыйных узаемадзеянняў, інфармацыйнай вайны, гэта было б нерацыянальным крокам. І хутчэй за ўсе перад тым, як адбыліся гэтыя кадравыя перастаноўкі, тэма была абмеркаваная на ўзроўні Лукашэнкі, магчыма, былі розныя пазіцыі, але прапагандысты здолелі даказаць, што яны хочуць далей карыстацца Ютубам, і што не трэба злаваць насельніцтва і пазбаўляць яго доступу да Ютуба.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






