Былы галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны і цяперашні амбасадар Украіны ў Вялікабрытаніі Валерый Залужны заявіў у калонцы для LIGA.net, што вайна з Расеяй можа завяршыцца не класічнай перамогай аднаго з бакоў, а працяглым спыненнем баявых дзеянняў на гады.

Паводле яго слоў, “поўная перамога” ў выглядзе распаду Расейскай імперыі застаецца жаданай мэтай, але гісторыя ведае шмат выпадкаў, калі войны заканчваліся інакш.
Залужны адзначыў, што працяглы мір — нават, калі ён усяго толькі “перадышка перад наступнай вайной” — дае магчымасць для палітычных змен, структурных рэформаў, эканамічнага росту, аднаўлення краіны і вяртання грамадзян. Ён таксама падкрэсліў, што завяршэнне Другой сусветнай вайны праз безумоўную капітуляцыю з’яўляецца выключэннем: большасць войнаў у гісторыі заканчваецца або ўзаемным знясіленнем, або рознымі формамі кампрамісу.






