Беларускія жанчыны і рэвалюцыя, жанчыны і палітыка, партыйная дзейнасць у эміграцыі. Такія пытанні мы абмеркавалі з Госцяй Рацыі, міжнародным сакратаром Сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікалая Статкевіча Жаннай Семянтовіч, якая пакінула Менск у канцы 2020 года.

РР: Чаму вы выбралі Лодзь?
Жанна Семянтовіч: Я прыехала ў Польшчу ў 2020 годзе. У мяне была адна сумка і сабака ва ўзросце 13 гадоў. Больш нічога ў мяне не было. У мяне даўно ў Польшчы жылі дзеці. Старэйшы сын вучыўся, малодшы сын таксама вучыўся. Але яны жылі ў розных гарадах. І яны практычна настаялі на тым, каб я прыехала. Я не збіралася заставацца. Я спачатку жыла ў горадзе Кутна. Таму што мой сын там знайшоў працу. Ён справаў уладкаваць і мяне. Гэта было цяжка, практычна нерэальна.
РР: А хто вы па спецыяльнасці?
Жанна Семянтовіч: Я настаўніца англійскай мовы. Я не знайшла працу па спецыяльнасці.
РР: А як у вас з польскай мовай?
Жанна Семянтовіч: Вельмі добра ведаю. Праблема была ў іншым – не такі ўзрост. Мне 57 гадоў. Для Польшчы гэта вельмі шмат. У Польшчы ўзрост для жанчын ад 55 да 60 – складаны ўзрост. Ты не можаш уладкавацца на “умову аб працы”, бо працадаўца не хоча несці адказнасці за сталага работніка. Я хадзіла на сумоўі, але заканчвалася ўсё нічым. Затым мне прапанавалі працу ў краме. Я працавала. І мой старэйшы сын пачаў шукаць працу ў Лодзі і знайшоў. Аднак таксама не па спецыяльнасці. Ён атрымаў адукацыю ў Польшчы, ён інжынер-біятэхнолаг.
РР: У вас, калі вы з’язджалі, не было крымінальнай справы?
Жанна Семянтовіч: Не, не было. Не паспелі. Я ўдзельнічала ва ўсіх мітынгах. Я патрапіла на розныя фотаздымкі. Была назіральнікам на выбарах. На пачатку 2021 года пасадзілі адну маю сяброўку. Яна прасядзела амаль тры гады ў калоніі. Затым затрымалі другую, у яе дзіця непаўнагадовае, і яна тры гады адбыла на “хатняй хіміі”. Цяпер яна выйшла, але пад наглядам. І першая, і другая пад наглядам. І тую маю сяброўку, якая была ў турме, яе зламілі, яна ўвесь час азіраецца, яе доўга лячылі.
Я ў палітыцы з 2011 года. Я свядома прыйшла да сацыял-дэмакратыі, узначальвала працоўную групу “Жанчыны БСДПНГ”. Але сутыкнуліся з неразуменнем. Таму затым я займалася проста грамадскай працай і была валанцёрам у “Народнай Грамадзе”. А ўжо як прыехала сюды, то мае калегі з “Народнай Грамады” сказалі, мы цябе ўжо прынялі ў партыю. Была абраная на з’ездзе міжнародным сакратаром. У “Народнай Грамадзе” шмат сяброў. Апошнім часам прыйшло шмат новых. І яны шмат задаюць пытанняў. І мы задаволены, што знайшлі магчымасць правесці семінар.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






