«Запалохаць, трымаць у страху і раздзяліць — галоўная стратэгія дыктатараў» – гэта канстатавала ў інтэрв’ю польскаму англамоўнаму каналу TVP World лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская.

Паводле яе слоў, рэжымныя структуры робяць сваю працу — яны запалохваюць людзей, здымаюць людзей на відэа, прымушаючы іх прызнавацца ў злачынствах, якіх яны не здзяйснялі. «І нягледзячы на ўвесь гэты страх, нават у сістэме Лукашэнкі ёсць шмат людзей, якія даюць нам вельмі важную і канфідэнцыяльную інфармацыю пра тое, як дзейнічае рэжым», – сказала Ціханоўская.
Каментуючы аб’яўленую амністыю, яна сказала, што вызваленне зняволеных да 9 траўня — звычайная практыка Лукашэнкі, але Ціханоўская ўпэўненая, што рэжым не ўключыць у гэтую групу ніводнага палітвязня. Таксама пакуль Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе і падтрымліваецца Пуціным, будуць пастаянныя правакацыі супраць нашых суседзяў, адзначыла палітык.






