BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Зараз пераломны момант, калі трэба пераасэнсаваць, што нам рабіць далей”

У Варшаве адбылася IV Канферэнцыя беларусаў свету. Падзея стала міжнароднай: да яе далучыліся прадстаўнікі з 16 краін. Якія вынікі сустрэчы? Якія задачы ставілі перад сабой арганізатары падзеі і з якімі складанасцямі сутыкнуліся? Пра гэта і не толькі Госця Рацыі – суарганізатарка і выступоўца Канферэнцыі, прадстаўніца Народнай Амбасады Беларусі ў Шатландыі Ірына МакЛейн – распавяла нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

РР: У чым галоўная каштоўнасць гэтай канферэнцыі?

Ірына МакЛейн: Насамрэч, вельмі цяжка сказаць, бо я магу толькі за сябе адказваць, якая ў мяне была мэта ў падрыхтоўцы гэтай канферэнцыі. Бо я ўдзельнічала і ў яе падрыхтоўцы, не толькі брала ўдзел. Мне здаецца, што ў нас зараз такі пераломны момант, калі нам трэба пераасэнсаваць, што мы робім. Бо прайшло пяць гадоў, і тое пытанне, якое я ў залу кідала: ці вы дыяспара ці не, ці вы беларусы замежжа, ці вы беларусы ў выгнанні? Пяць гадоў прайшло, людзі пераасэнсоўваюць сваё стаўленне да таго, ці яны хочуць быць дыяспарай, ці яны хочуць асімілявацца ў новых краінах. Гэта вельмі цяжкі момант. Бо з 2020 года нам ужо не хапае энергіі. І мне здаецца, што гэта канферэнцыя – гэта спроба трошкі ўзяць паўзу, выдыхнуць і паглядзець, куды мы ідзем і што нам, магчыма, трэба змяніць у нашых прыярытэтах: ці рухацца далей, ці прыняць тыя выклікі, якія сёння нам ставіць сітуацыя. Гэта і адсутнасць фінансавання, людзі сыходзяць, рэсурсаў няма. Але людзі яшчэ хочуць працаваць, але фармат трэба мяняць.

РР: Грунтоўныя вынікі будуць пазней, але ці можна нейкія папярэднія прадэманстраваць ужо?

Ірына МакЛейн: Так. Вельмі гучна было тое, што дыяспара і беларусы замежжа – гэта разам. Таксама, што калі мы самі сабе не дапаможам, ніхто нам не дапаможа. І што трэба шукаць інавацыйныя падыходы да таго, як мы шукаем рэсурсы, грошы, людзей, таленты. І мне здаецца, што насамрэч гэта вынік, што праз пяць гадоў тут сабралася больш за 100 чалавек. Гэта вялікі вынік. Людзі не хочуць далучацца да ініцыятываў, людзі сыходзяць і людзям цяжка. Але тое, што ў суботу людзі сюды прыйшлі, прыехалі за свае грошы, і гэта быў прыярытэт – гэта галоўнае, што адбылося тут.  

Нагадаем, IV Канферэнцыя беларусаў свету ладзілася 3 дні: з 23 па 25 траўня ў Варшаве.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя