Паводле звестак незалежнага праваабарончага партала “АВД-Інфа”, больш за сто чалавек былі затрыманы ў пятніцу ў розных гарадах Расеі на жалобных мерапрыемствах у сувязі са смерцю Аляксея Навальнага, паведамляе Euronews.
Расейскія ўлады загадзя папярэдзілі аб недапушчальнасці масавых сходаў. Нягледзячы на гэта, кветкі, фатаграфіі і свечкі можна было ўбачыць у шматлікіх месцах Расеі. У Маскве і Санкт-Пецярбургу, у прыватнасці, людзі збіраліся каля помнікаў, усталяваных у памяць пра ахвяр савецкіх палітычных рэпрэсій.
Больш за ўсё затрыманняў адбылося ў Санкт-Пецярбургу – 64 чалавекі. Вядома таксама пра затрыманні ў Маскве, Краснадары, Цвяры, Таганрозе, Ніжнім Ноўгарадзе, Растове-на-Доне і Мурманску, паведамляе “АВД-Інфа”.
Мітынгі памяці Аляксея Навальнага прайшлі ў пятніцу па ўсім свеце.
Нагадаем, у Менску быў затрыманы кіраўнік ліквідаванай Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук. Ён збіраўся ўскласці кветкі каля расейскага пасольства ў Менску, каб ушанаваць памяць расейскага апазіцыйнага палітыка.