З 1980-х гадоў 27 лістапада адзначаецца пэўнай часткай беларускага грамадства як Дзень Герояў Беларусі. Афіцыйная ўлада ігнаруе антыбальшавіцкае паўстанне, гэтаксама як і ўсё звязанае з Беларускай Народнай Рэспублікай. Пра Дзень Герояў – Слуцкі збройны чын – мы пагаварылі з госцем Беларускага Радыё Рацыя лідарам Руху Салідарнасці «Разам» Вячаславам Сіўчыкам.

РР: Спадар Вячаслаў, што такое Слуцкі збройны чын?
Вячаслаў Сіўчык: Гэта збройны выступ беларусаў за сваю незалежнасць, за Беларускую Народную Рэспубліку. Гэта антыбальшавіцкае, практычна сялянскае паўстанне.
РР: Якія былі гістарычныя перадумовы паўстання?
Вячаслаў Сіўчык: Справа ў тым, што лёс быў бязлітасны да Беларусі ў ХХ стагоддзі. І так атрымалася, што неаднойчы нашу зямлю дзялілі, і якраз тады скончылася польска-савецкая вайна, ішлі ўжо перамовы ў Рызе, знікала вось тая мяжа паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю, якая будзе пазней.
Случчына, у адрозненне ад усіх іншых нашых земляў, была досыць добра арганізаваная ў беларускую справу, таму што там была дастаткова магутная культурніцкая дзейнасць. Наогул гэта такі цудоўны край, заўсёды быў жытніцай Беларусі. Акрамя таго, гістарычна так склалася, што случчакі абаранялі Беларусь з поўдня ад набегаў, якія былі ў Сярэднявечча. Таму была арганізаваная Рада слуцкая, так узнікла мясцовая беларуская ўлада, якая і распачала збройны супраціў бальшавікам. І гэта ўвайшло ў гісторыю Беларусі як Слуцкі збройны чын.
РР: Як разгортваліся падзеі, галоўныя этапы?
Вячаслаў Сіўчык: У прынцыпе я на этапы Слуцкі збройны чын не разбіваў бы, ён дастаткова цэльны. Была, як я ўжо казаў, створаная структура, Рада слуцкая, якая кіравала гэтым працэсам, была праведзеная мабілізацыя, была створаная слуцкая брыгада з двух палкоў – слуцкага палка, які цалкам быў сфармаваны, і грозаўскага, які фармаваўся. Вайсковая камісія Беларускай Народнай Рэспублікі адмабілізавала афіцэраў, таму што самая вялікая праблема была менавіта ў афіцэрах і ў зброі. Дапамаглі ад Булак-Балаховіча, які якраз тады напярэдадні Слуцкага збройнага чына рабіў свой вызвольны паход, узяўшы Мазыр. І самае, мусіць, для мяне каштоўнае ў Слуцкім збройным чыне тое, што практычна на мабілізацыю адгукнуліся ўсе сяляне вось гэтай слуцкай зоны.
Як сведчаць гісторыкі, амаль усе пайшлі ваяваць, і калі ўлічваць, што змагаліся ўжо дастаткова сур’ёзныя сілы з бальшавікамі, Слуцкі збройны чын дастаткова доўга пратрымаўся, таму што зацятыя баі ішлі месяц.
Цалкам гутарка:
Слуцкі збройны чын — гэта 40-дзённая спроба сілай абараніць незалежнасць Беларусі ў 1920 годзе, якая, нягледзячы на ваенную паразу, засталася ў гісторыі як яркі сімвал мужнасці, волі да свабоды і імкнення беларускага народа да ўласнай дзяржаўнасці.
З госцем Радыё Рацыя – лідарам Руху Салідарнасці «Разам» Вячаславам Сіўчыкам – размаўляла Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя





