Паводле дадзеных Службы знешняй разведкі, Беларусь, верагодна, будзе спрабаваць адсунуць сумесныя з Расеяй ваенныя вучэнні далей ад мяжы з Украінай, каб пазбегнуць правакацый, паведамляе unian.net.
У той жа час украінскі бок уважліва сочыць за сітуацыяй і ў выпадку пагрозы гатовы да рашучых адказных дзеянняў. Як перадае карэспандэнт УНІАН, пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сказаў падчас сустрэчы з журналістамі 13 чэрвеня.

Калаж УНІАН, скрыншоты
«Пытанне зразумелае, бо паўнамаштабны наступ адбыўся з гэтага напрамку і пасля адпаведных вучэнняў. Я думаю, сам Лукашэнка (Аляксандр Лукашэнка — самапрызначаны прэзідэнт Беларусі. — Рэд.) баіцца, што мы ва Украіне палічым прысутнасць кантынгенту на вучэннях падрыхтоўкай да наступальных дзеянняў. Ён разумее пасля нашых адказаў на Курскім напрамку, на што мы здольныя, калі адчуем пагрозу», — сказаў ён.
Зяленскі адзначыў, што аналіз нашых спецслужбаў, асабліва Службы знешняй разведкі, сведчыць пра тое, што вайскоўцы будуць спрабаваць адысці нават глыбей у Беларусь, далей ад мяжы, «каб не правакаваць».
«Я не ведаю, ці праўда гэта. Проста некалькі дзён таму я атрымаў апошнюю справаздачу Службы знешняй разведкі, і быў такі сігнал. Але ўсё гэта трэба правяраць. Рызыка вучэнняў “рускіх” гістарычна нам, на жаль, ужо вядомая», — дадаў прэзідэнт.
Ваенныя вучэнні РФ і Беларусі
Яшчэ ў 2024 годзе стала вядома, што ў 2025 годзе Расея і Беларусь плануюць правесці сумесныя вучэнні “рэгіянальнай групоўкі войскаў” на тэрыторыі Беларусі. У кастрычніку 2024 года Генеральныя штабы Узброеных сіл Расеі і Беларусі пачалі падрыхтоўку да правядзення буйных сумесных вучэнняў “Захад-2025”.
У траўні 2025 года міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін заявіў, што ўлады Беларусі вырашылі “адсунуць” вучэнні “Захад-2025” ад межаў з краінамі NATO. Гэтыя вучэнні рэспубліка плануе правесці разам з РФ у верасні.






