BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Указ Зяленскага пра выхад з канвенцыі аб супрацьпяхотных мінах

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ, які ўводзіць у дзеянне рашэнні Рады нацыянальнай бяспекі і абароны адносна выхаду Украіны з канвенцыі аб забароне супрацьпяхотных мін – Аўтаўскай дамовы. Пра гэта паведаміў сакратар камітэта Вярхоўнай рады па пытаннях нацбяспекі Раман Кастэнка.

Фота: ГСЧС Украины / Telegram

«Гэта крок, якога даўно патрабуе рэальнасць вайны. Расея не з’яўляецца бокам гэтай канвенцыі і масава прымяняе міны супраць нашых ваенных і цывільных. Мы не можам заставацца звязанымі, калі ў ворага няма абмежаванняў», — заявіў Кастэнка. Ён дадаў, што цяпер гэтае пытанне павінны разгледзець у Вярхоўнай радзе. Раней на гэтым тыдні Літва і Эстонія апавясцілі ААН аб выхадзе з названай канвенцыі. Краіны афіцыйна перастануць быць чальцамі канвенцыі праз шэсць месяцаў пасля апавяшчэння ААН.

Агулам пра намер выйсці з Аўтаскай дамовы паведамілі ўсе краіны Балтыі, Польшча і Фінляндыя. Усе гэтыя дзяржавы мяжуюць з Расеяй, якая ніколі не далучалася да забароны. Краіны патлумачылі сваё рашэнне пагоршанай для чальцоў NATO сітуацыяй з бяспекай у рэгіёне.