
Пасля напружанай сустрэчы з Дональдам Трампам у Белым доме Уладзімір Зяленскі даў інтэрв’ю Fox News, дзе падкрэсліў, што не лічыць сябе вінаватым у канфлікце. Паводле яго, Украіна шукае шляхі да міру, але не можа пайсці на пагадненні, якія паставяць яе ў слабую пазіцыю. Прэзідэнт Украіны таксама адзначыў, што без падтрымкі ЗША будзе цяжка стрымаць расейскую агрэсію. Ён заклікаў да падпісання эканамічнага пагаднення, але прызнаў, што аднаго гэтага будзе недастаткова, бо расейскія войскі не спыняе нават прысутнасць амерыканскіх кампаній ва Украіне. Тым часам The Washington Post паведамляе, што адміністрацыя Трампа разглядае магчымасць спынення ваеннай дапамогі Украіне. Калі такое рашэнне будзе прынята, гэта закране мільярды даляраў, у тым ліку пастаўкі ўзбраення і боепрыпасаў. Гэта сведчыць пра рэзкае пагаршэнне адносін паміж Вашынгтонам і Кіевам пасля няўдалых перамоў у Белым доме.
Беларускае Радыё Рацыя






