Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сёння правядзе размову з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. «Сёння ў мяне будзе кантакт з прэзідэнтам Трампам. Мы сёння з ім будзем абмяркоўваць дэталі. Я думаю, дэталі наступных крокаў. У нас была сапраўды добрая сустрэча нашых каманд. Я лічу, што ўсё правільна ішло, калі б не Расея, якая заўсёды незадаволеная, калі нешта ідзе правільна», – сказаў ён.

Зяленскі дадаў, што разлічвае пачуць ад Трампа дэталі яго ўчорашняй размовы з Уладзімірам Пуціным. Паводле яго слоў, такую-сякую інфармацыю ўкраінскі бок ужо атрымаў. Гаворачы аб меркаванай адмове ад удараў па інфраструктуры, Зяленскі падкрэсліў, што РФ, нягледзячы на заяву нанесла ўдары па Украіне. Паводле яго слоў, неабходна ўстанавіць рэальны кантроль над выкананнем дамоўленасцяў.