BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зяленскі – Трампу: Украіна або ўступіць у НАТА, або будзе мець ядзерную зброю

Дзеля ўласнай бяспекі Украіна або павінна стаць сябрам НАТА, або павінна мець ядзерную зброю. Пра гэта прэзідэнт Уладзімір Зяленскі гаварыў з кандыдатам у прэзідэнты ЗША Дональдам Трампам падчас іх сустрэчы ў верасні, паведамляе unian.net.

Фота president.gov.ua

Выступаючы сёння, 17 кастрычніка, на прэс-канферэнцыі ў Бруселі, Зяленскі расказаў пра тое, як гаварыў з Дональдам Трампам аб НАТА на прыкладзе Будапешцкага мемарандума, калі Украіна адмовілася ад ядзернай зброі.

“Мне здаецца, што гэта зразумелы прыклад. Украіна мела Будапешцкі мемарандум. Там былі ядзерныя дзяржавы. Найбуйнейшыя дзяржавы ў свеце, якія маюць уплыў, маюць ядзерную зброю. Сярод іх, безумоўна, былі Злучаныя Штаты Амерыкі, Кітай, Расея, Францыя. Безумоўныя буйныя гульцы, якія маюць ядзерны патэнцыял”, – сказаў Зяленскі.

Прэзідэнт нагадаў, што ўмовай для Украіны было аддаць вельмі вялікі аб’ём ядзернай зброі і атрымаць ад краін, якія далучыліся да Будапешцкага мемарандума, гарантыі тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту незалежнай Украіны ў міжнародна прызнаных межах на 1991 год.

“Вось што было ў дакуменце. І калі Расея парушыла гэты дакумент, хаця яна была гарантарам гэтага мемарандума, то як можна верыць у гэты дакумент і як можна верыць усім партнёрам, якія гарантавалі захаванне нашай тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту? А адказ вельмі просты: ці працуе гэта? Не, гэты дакумент не працуе! Ці працуюць дамоўленасці з Расеяй? не спрацавалі”, – сказаў Зяленскі.

“І ў размове з Дональдам Трампам я яму сказаў: у нас атрымліваецца так, якое ж выйсце? Ці ў Украіны будзе ядзерная зброя, і тады гэта для нас абарона. Ці мы павінны мець нейкі Альянс. Акрамя НАТА на сёння мы не ведаем дзейсныя альянсы. Краіны НАТА сёння не ў вайне. Ён сказаў: у вас справядлівыя аргументы”, – падкрэсліў Зяленскі.

Зяленскі паведаміў, што Трамп пагадзіўся з ягонымі аргументамі.