BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зяленскі: Украіна не вядзе перамоваў з Расеяй, бо Масква ў іх не зацікаўленая

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў не вядзе перамоваў з Расейскай Федэрацыяй, паколькі Масква не праяўляецца ніякай зацікаўленасці ў мірным працэсе. Пры гэтым Украіна падтрымлівае канструктыўны дыялог з ЗША адносна шляхоў заканчэння вайны.

Фота president.gov.ua

Як паведаміў карэспандэнт УНІАН, пра гэта Зяленскі сказаў у каментары журналістам.

Адказваючы на пытанне, ці адчуваецца сур’ёзнае стаўленне Расеі да магчымых перамоваў, Зяленскі адзначыў:
«Перш за ўсё, у нас няма перамоваў з Расейскай Федэрацыяй. Яны не праяўляюць ніякай зацікаўленасці. Але ў нас ёсць дыялог з амерыканскім бокам, і мы ўдзячныя ім за канструктыўную працу», — падкрэсліў ён.

Паводле слоў прэзідэнта, замест гатоўнасці да перамоваў Украіна атрымлівае ад Расеі паветраныя ўдары, у тым ліку па энергетычнай інфраструктуры.

«Мы бачым толькі іх удары па нашай энергетыцы, людзі застаюцца без электрычнасці. І ўдары па крытычнай інфраструктуры. Гэта не сведчыць аб тым, што Расея зацікаўленая ў мірным працэсе», — сказаў Зяленскі.

Адказваючы на пытанне аб магчымым «энергетычным перамір’і», ён адзначыў, што Украіна гатовая да яго, калі гатовая будзе і Расея.

«Мы заўсёды падкрэслівалі: калі расейцы будуць гатовыя да энергетычнага перамір’я, мы таксама гатовыя. Гэта вельмі важна для людзей», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Раней УНІАН паведамляў, што Украіна і ЗША пакуль не дасягнулі кампрамісу па тэрытарыяльных пытаннях у працэсе ўзгаднення праекта заканчэння вайны. Па некаторых звестках, прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа настойваюць, што Украіна павінна перадаць Расеі частку Данецкай вобласці, але Кіеў катэгарычна адмаўляецца ад такога сцэнару.