Ваенная дапамога ЗША Украіне не спыненая, заявіў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, каментуючы рашэнне адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа прыпыніць замежную дапамогу на 90 дзён.

«Я ведаю, што ва ўсім свеце існуе вялікая колькасць устаноў, якія раней падтрымліваліся ўрадам ЗША. Магу сказаць толькі тое, чаго можа не хапіць Украіне. І што я раблю. Я сканцэнтраваны на ваеннай дапамозе. Гэта не спынена, дзякуй Богу», — сказаў Зяленскі падчас прэс-канфэрэнцыі з прэзідэнтам Малдовы Маяй Санду, перадае Радыё «Свабода».
Напярэдадні шэраг СМІ паведамілі, што Дзярждэпартамент ЗША прыпыніў рэалізацыю замежнай дапамогі. Сцвярджалася, што гэта тычыцца ўсіх краін, акрамя Ізраіля і Егіпта.
Затое ў Пентагоне «Голасу Амерыкі» паведамілі, што ўказ Трампа аб 90-дзённай паўзе ў аказанні міжнароднай падтрымкі не ўплывае на праграмы ваеннай дапамогі Украіне.