Гарантыі бяспекі без удзелу ў іх ЗША не з`яўляюцца сапраўднымі гарантыямі бяспекі, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, ён “чуе галасы”, якія гавораць пра тое, што Еўропа магла б узяць на сябе ролю асноўнага гаранта ў гэтым пытанні, але ён заўсёды гаворыць на гэта “не”.

Фота: president.gov.ua
Таксама Зяленскі ў інтэрв’ю The Guardian падкрэсліў, што калі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адкліча падтрымку ЗША Украіне, Еўропа ў адзіночку не зможа выканаць гэтую місію. Ён прывёў у прыклад сістэму СПА Patriot:
“Толькі Patriot можа абараніць нас ад усіх відаў ракет, толькі Patriot. Ёсць і іншыя [еўрапейскія] сістэмы… але яны не могуць забяспечыць поўную абарону”.
Таксама прэзідэнт Украіны дадаў, што прапануе амерыканскім кампаніям “выгодныя кантракты” на аднаўленне Украіны і інвестыцыйныя саступкі.
“Тыя, хто дапамагае нам выратаваць Украіну, [атрымаюць магчымасць] аднаўляць яе, сумесна з украінскім бізнесам. Усе гэтыя пытанні мы гатовы падрабязна абмяркоўваць”, — сказаў Зяленскі.






