Нявопытныя, наіўныя ў палітыцы спакойныя па ментальнасці беларусы зараз у значнай разгубленасці: хто мае рацыю, хто вінаваты, куды нас нясе, калі прыйдзе спакой і ўпэўненасць у будучыні?

Для таго, каб праясніць сітуацыю, мы звярнуліся да Госця Рацыі, старэйшага беларускага палітыка, лідара «Вольнай Беларусі» Зянона Пазьняка.
РР: Зараз беларусы разгублена думаюць: што нас чакае? Вайна ідзе ва Украіне. У Іране таксама вайна. У Венесуэле таксама неспакойна, хаця арыштавалі самага галоўнага злодзея. Пытанні па Грэнландыі… Што зараз адбываецца і чаго нам чакаць?
Зянон Пазьняк: Адбываецца перабудова гэтага, так званага, дэмакратычнага свету, які перажывае крызіс. І знайшоўся вялікі чалавек, прэзідэнт Дональд Трамп, які гэтым заняўся, які дастаткова валодае воляй, разуменнем, камандай, і ён крок за крокам гэта ажыццяўляе. Усе яго справы, якія ён за год зрабіў, гэта вельмі паспяховыя справы. Так што, гэта мы назіраем, і я спадзяюся, гэта яму ўдасца.
Адзінае, што гэты свет, які супрацьстаіць Дональду Трампу і тым сілам, якія за ім стаяць, я маю на ўвазе сілам дабра, гэта свет, якога ў такім сэнсе не было раней. І гэта проста пекла вылезла з-пад зямлі. Гэта страшны свет ілжы, подласці, падступнасці, якія адкрыта выступаюць супраць чалавецтва, супраць усяго добрага.
Адзін прыклад прывяду ў пацвярджэнне таго, што я кажу праўду. Я жыў у Штатах і добра ведаю там сітуацыю. Марксізм пранік ва ўсе ўніверсітэты. А скопішча зла – гэта марксізм. Гэта самая вялікая подласць, якая была. Усе гэтыя войны былі развязаныя сацыялізмам. Сітуацыя стала настолькі дрэннай, асабліва сярод моладзі, што паявіліся людзі, якія паўсталі супраць гэтага. Якім чынам? Проста пачалі сведчыць Евангелле. Пачалі сведчыць добрыя адносіны паміж людзьмі. Пачалі сведчыць амерыканскія нацыянальныя каштоўнасці.

І адным з такіх людзей быў Чарльз Кірк, малады чалавек, 35 гадоў. Ён пайшоў у гэтыя ўніверсітэты. Ёсць універсітэты, дзе канкрэтная статыстыка – з 43 прафесараў толькі адзін чалавек правых поглядаў. Астатнія марксісты. І таму тое, што там адбываецца – антысемітызм, усё тое, што падрывае Амерыку. І вось гэты чалавек, Чарльз Кірк, пайшоў да гэтых студэнтаў, абалваненых марксістамі. Ён збіраў вялікія аўдыторыі і пачаў з імі адкрыта гаварыць, маўляў, я думаю так і так, як вы думаеце? І яны свае думкі выказвалі. Ён з імі спрачаўся. Ён даказваў сваё. Ён нікога не зневажаў. Ён з імі кантактаваў. І моладзь убачыла, што гэта чалавек, які іх паважае, ён расказвае свае думкі, яны пачалі прыслухвацца да яго, пачалі меркаваць, і мільёны людзей, мільёны амерыканцаў пайшлі ў свет за Кіркам.
І ён не ўжываў ні зброі, ні знявагі, нічога, ён проста сам па сабе гаварыў з гэтымі людзьмі. Чым гэта кончылася? Яго забілі, застрэлілі ў час, калі ён выступаў з гэтай моладдзю. І застрэліў прадстаўнік самага подлага скопішча зла, добра вядома, што гэта за істота была. І яны забілі гэтага чалавека. А гэта быў проста светлы чалавек.
Але гэта толькі пачатак, што я вам расказваю. Самае галоўнае было потым. Вось гэты светлы чалавек, які адкрываў сваю душу, расказваў дзецям, моладзі пра каштоўнасці дабра ва ўсёй Амерыцы і ва ўсім свеце. У сацыяльных сетках, у розных блогах-шмогах пайшоў вал гэтай марксісцкай, левацкай подласці. Танцавалі, крычалі. Якое шчасце, што забілі гэтага нягодніка! Як добра, што яго забілі! Якое гэта шчасце! Я чытаў, і па-беларуску гэта было, і па-руску гэта было, і па-польску, а па-ангельску -увесь інтэрнэт гукаў. Раней такога яшчэ не было.
І таму я кажу, цяпер апраметнае пекла вылезла на паверхню, ва ўсіх гэтых марксістах, сорасах, якія гэтую брыдоту фінансуюць. Вось гэта тое, супраць чаго паўстаў вялікі прэзідэнт Дональд Трамп. Ён з гэтым змагаецца. Ён перамагае. Вось вам прыклад з Венесуэлай. Гэта ішла адкрытая вайна. Мільёны людзей перасялілі ў Амерыку. Бандыты, вар’яты, наркаманы. Трыста тысяч амерыканцаў паміралі ад наркотыкаў. Адкрытая вайна супраць Амерыкі. Адкрытая мяжа.
І тут гэтыя кажуць: міжнароднае права. Якое міжнароднае права, калі справа ідзе пра жыццё чалавека? Якія законы, калі справа ідзе аб жыцці чалавека? Важней ёсць жыццё чалавека. Вось што ёсць важнейшае. А закон можа быць супраць гэтага. Хай ён падыхае, таму што ёсць права міжнароднае. Якое права? Значыць права дрэннае. Права трэба змяніць. Трэба каб права было ў інтарэсах чалавека, у інтарэсах людзей. І Трамп гэта зробіць. Адбываюцца вельмі добрыя працэсы.
РР: Амерыка звярнула ўвагу і на Беларусь.
Зянон Пазьняк: І вельмі добра, што Амерыка звярнула ўвагу і на Беларусь. Мы за гэта змагаліся цэлы год, як Трамп прыйшоў да ўлады. Бо толькі ён мог гэта зрабіць, мы памятаем візіт Пампеа ў першую яго кадэнцыю, калі ён пачынаў гэтую палітыку. І ўратаванне дзяржавы (Беларусі – РР) будзе ў значнай ступені залежаць, як будзе Амерыка ставіцца. Ну канешне тут пытанне наколькі гэтыя магчымасці выкарыстае рэжым, таму што яму таксама трэба неяк ацалець, ён пра гэта думае, але гэта пытанне другараднае. Будуць такія сітуацыі, калі яму – Лукашэнку – не будзе куды падзецца. Так што усё, што робіцца, робіцца да лепшага.
РР: А вось сітуацыя з Грэнляндыяй, яна не можа быць выкарыстана Расеяй, Кітаем правакацыйна?
Зянон Пазьняк: Амерыка гэтага не дапусціць. Амерыка паставіла пытанне так: калі там не будуць ЗША, то там будуць Кітай з Расеяй. А гэта небяспека для ўсёй планеты. Таму тыя пытанні, якія ставіць Трамп, яны абсалютна справядлівыя. Іншая справа – невядома як гэта вырашыць. Ёсць некалькі варыянтаў і харошых варыянтаў, але як гэта будзе вырашана, мы ня ведаем. Але гэта аб’ектыўная неабходнасць. Іначай будзе дрэнна. Вынік будзе горшы, таму трэба зрабіць лепей. Я мяркую, што ўсё будзе зроблена нармальна.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






