Сёння закончыцца імітацыя так званых выбараў, у якіх упершыню ў Лукашэнкі не было канкурэнтаў, а камісіі былі створаны загадзя, яшчэ да аб’яўлення выбараў з правераных асоб. Апазіцыя лічыць гэтую імітацыю спецаперацыяй, якая суправаджаецца міліцыянтамі і вайсковымі ў панцырах.

Захад ужо не прызнаў выбары ў Беларусі. Госць Беларускага Радыё Рацыя — кандыдат у прэзідэнты 1994 году, кіраўнік Народнага Фронту, кіраўнік «Вольнай Беларусі» Зянон Пазьняк адкажа на пытанні, ці былі першыя выбары дэмакратычнымі, што лепш: байкот выбараў ці ўдзел, каб сказаць «не» усім кандыдатам:
РР: Ці можна лічыць першыя прэзідэнцкія выбары ў 1994 годзе дэмакратычнымі? Многія палітыкі менавіта такімі іх і лічаць.
— Іх можна лічыць адносна дэмакратычнымі, асабліва ў параўнанні з тым, што потым было. Гэтыя выбары ў 1994 годзе не давалі роўных магчымасцяў усім. Прыярытэт, канечне, быў у Кебіча і Лукашэнкі. Але самае галоўнае — гэта тое, што тады адбыліся фальсіфікацыі. Уся ўлада ўсё роўна была ў камуністаў: у іх былі выбарчыя камісіі, у іх была ўлада. І гэта самае важнае, таму што калі б не было фальсіфікацый, Лукашэнкі проста не было б.
Мы мелі сваіх назіральнікаў — мы, гэта Народны фронт, — практычна па ўсёй Беларусі, на ўсіх важных участках. І мы ведалі інфармацыю: Лукашэнка набіраў прыкладна 22%, я выходзіў у другі тур, а Кебіч быў на чацвёртым месцы. І вось была зроблена такая падтасоўка, паколькі ў іх была такая магчымасць: забралі мае галасы, палову прыпісалі Кебічу, і Кебіч прайшоў у другі тур. Гэта былі два, як кажуць, фрыкі, таму што і Кебіч, і Лукашэнка працавалі на Маскву, на КДБ.
Кебіч у сваіх мемуарах напісаў, што іх агульная задача была — не дапусціць Пазьняка і Народны фронт. І яны як бы удавалі паміж сабой канкурэнцыю. Гэта быў праект, так было задумана. І калі яны выйшлі ў другі тур, то гэта ўжо не мела ніякага значання. Нават калі б была сапраўдная канкурэнцыя, там усё роўна былі свае. Але, ведама, Кебіч падыгрываў Лукашэнку.
Я нават глядзеў іх эфір па тэлевізіі, калі яны засталіся ўдвух. І здзіўляўся, як сябе паводзіў Кебіч. Таму што, ну, ён чалавек не дурны, дасведчаны, не параўнаць з Лукашэнкам. Тым не менш, ён паводзіў сябе дрэнна, як у цырку, у паддаўкі гуляў проста. Я быў здзіўлены, таму што яны пракручвалі адзін сцэнар. Адзін план у іх быў. Кебіч так і напісаў, што іх задача была, па-расейску: «не допустить к власти Народный фронт и Пазьняка» і „не известно, чья роль в этом была весомее“.
РР: Як зразумець, чыя роля была „весомее“?
— Гэта значыць, што Кебіч лічыць, што ён больш важную ролю ў гэтым сыграў. Што яны падрыхтавалі Лукашэнку, таму што ён быў ва ўладзе, а Лукашэнка не меў улады. А Кебіч быў прэм’ер-міністрам. І гэтыя ўсе фальсіфікацыі, усё, што адбывалася, рабілася пад яго кіраўніцтвам. Вось у чым рэч.
Ну і трэба ўлічваць, што ўдзельнічалі маскоўскія ФСБшнікі ў абедзвюх камандах. І пасля гэтыя ФСБшнікі, якія былі ў Кебічавай камандзе, перайшлі, калі ўжо Лукашэнку абвясцілі прэзідэнтам. Яны перайшлі да яго і там дзейнічалі. Так што гэта была афёра, задуманая Масквой, зробленая ад пачатку да канца.
Уся ўлада была ў іх: усе сродкі інфармацыі, прапаганда. Масква за гэтым стаяла. Хаця калі параўнаць, то выбары былі больш-менш дэмакратычныя: былі кантралёры, назіральнікі, была магчымасць атрымліваць інфармацыю. Давалі выступаць па тэлевізіі, я таксама выступаў са сваёй камандай. Такая магчымасць была.
Але ўплыву на ўладу, на падлік галасоў, на камісіі мы не мелі ніякага. І даказаць нешта было вельмі цяжка, таму што часу было мала, а сродкаў масавай інфармацыі не ставала, каб падняць гэтую справу. Пазней, калі мы гэта падавалі ў пракуратуру, пракуратура не хацела гэтым займацца. Яны проста не хацелі гэтым займацца.
Ну што з імі зробіш? У іх методыка і сёння такая. Законы не выконваюць, а робяць тое, што ім хочацца.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Ужо вядомы вынікі датэрміновага галасавання – гэта 42%. З папярэдняга выбарчага вопыту давяраць гэтай лічбе нельга.
З нашым госцем, аксакалам у палітыцы, кандыдатам у прэзідэнты 1994, кіраўніком Народнага Фронту, кіраўніком «Вольнай Беларусі» Зянонам Пазьняком гутарыла карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя






