Увага еўрапейцаў прыцягнута да перамоваў паміж Украінай і Расеяй па ініцыятыве амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа. Пра паводзіны Расеі ў гэтай сітуацыі і дзеянні Трампа мы пагаварылі з Госцем Рацыі, старэйшым беларускім палітыкам, кіраўніком «Вольнай Беларусі» Зянонам Пазьняком.

РР: Расея не хоча перамоваў. Ёй патрэбна спыненне агню толькі на 9 траўня. Як вы думаеце, ці пойдзе Расея на спыненне агню на большы тэрмін, ці нічога зараз у Трампа не выйдзе?
Зянон Пазьняк: Расея не хоча міру, і таму будзе вадзіць усіх за нос. Гэта ж маскалі, мы ж ведаем. Трэба даць украінцам зброю, абнізіць цану на нафту, увесці жорсткія санкцыі і даць па носе. І вось калі ім добра даць па носе, калі яны пакоцяцца назад, тады яны захочуць міру. А цяпер яны наступаюць, у іх поўна людзей. І яны ўпэўнены, што ва ўкраінцаў усё дрэнна. Таму яны міру не хочуць. Яны думаюць, што будуць дыктаваць умовы. А па-другое, маскалям не можна верыць. Ніякіх дамоваў з імі. Яны заключаць і парушаць. Гэтага амерыканцы не ведаюць. Заходні свет гэтага не ведае. Таму, я думаю, паступова яны набіраюцца вопыту, пазнаюць, што гэта такое, і будуць меры больш жорсткія. І нідзе Масква не дзенецца, скруціцца. Так што перамога будзе за намі. Жыве Беларусь! Слава Украіне!
РР: Амерыканскі блогер Сяргей Любарскі сказаў, калі я брала ў яго інтэрв’ю, што Трамп распачынае вайну з Кітаем і яму трэба адцягнуць Расею ад Кітая, каб яны не сябравалі. Таму Трамп не будзе жорсткім з Пуціным. Як вы думаеце?
Зянон Пазьняк: Я ведаю усякіх Любарскіх, Андроннікавых. Я нікога іх не слухаю. Мне не цікава, што яны сказалі. Я гляджу арыгіналы. Я гляджу інтэрв’ю Трампа, я гляджу інтэрв’ю яго міністраў, я гляджу выступы Лукашэнкі, арыгінальныя заявы Пуціна, і раблю высновы. А тое, што гаварылі яны, гэта іхнія думкі. Таму я не буду тут ні за ні супраць гаварыць. Канешне, такая праблема ёсць, і Украіна ў Трампа не на першым месцы, таму што ёсць пытанне з Кітаем. Але Украіну ён кідаць не будзе.
РР: А Беларусь?
Зянон Пазьняк: Пра Беларусь пакуль няма размовы. Але ўзнікне, калі будзе ініцыятыва. Нават калі будзе ініцыятыва з боку Лукашэнкі. Таму што нам у любой сітуацыі трэба каб Беларусь, як палітычны суб’ект, нейкім чынам была задзейнічана ў гэтых перамовах. Я прапанаваў і пісаў пра гэта, што перамовы павінны быць у Беларусі. Гэта выгадна Украіне, калі яны добра падумаюць, не на эмоцыях, добра падумаюць, ім гэта выгадна і патрэбна. Супраць гэтага, натуральна, не будуць маскалі. А амерыканцы, калі таксама добра падумаюць, зразумеюць, што гэта вельмі выгаднае месца.
І калі гэта будзе ў Беларусі, значыць пытанне пра Беларусь, калі яно ўзнікне, будзе вырашана сур’ёзна. Маецца на ўвазе, што можа быць пастаўлена пытанне пра дэмілітарызацыю, пра тое, каб не прысутнічалі чужыя войскі на Беларусі і ваенныя базы расейскія. Усё будзе залежыць, на якім узроўні будуць перамовы і ў якім стане будзе Расея.
У цяперашнім стане гэтае пытанне не ўзнікне. Таму што расейцы думаюць, што яны могуць дыктаваць умовы. А калі будзе другая сітуацыя, тады вось гэта дасць магчымасць паставіць пытанне, каб Беларусь была дэмілітарызавана ад чужых войскаў, не было чужых базаў, і мяжа праходзіла так, як некалі Зяленскі правільна сказаў, што ўсходняя мяжа – па усходняй мяжы Украіны і Беларусі. Таму ўсё будзе залежыць ад сітуацыі. Цяпер сітуацыя няпэўная, і таму нейкія дакладныя прагнозы зрабіць пакуль немагчыма.
РР: Ці ёсць такая перасцярога, што Расея можа пайсці на Прыбалтыку, каб вызваліць Сувалкаўскі калідор і зрабіць на Калінінград дарогу? І гэта будзе з Беларусі.
Зянон Пазьняк: Можа гадоў праз пяць. Але цяпер – не. Цяпер гэта пустая гаворка.
РР: Апошнім часам шмат гавораць, што НАТА паказала сваю слабасць, што альянс не абароніць Прыбалтыку. Як вы думаеце?
Зянон Пазьняк: Гэта ўсё думкі розных экспертаў. Гэта глупствы. Расеі зараз трэба закончыць пытанне з Украінай. Таму ў іх вялікія праблемы. Ім там «не да жыру, быць бы жыву». Так што, гэта чыстая прапаганда, адцягванне ўвагі, пакуль што ніякага нападу на Польшчу, на Літву не будзе. Але ў будучыні – магчыма. Гледзячы, якая будзе сітуацыя. Калі сітуацыя будзе дрэнная і ў Беларусі будуць прысутнічаць расейцы, то гэта цалкам магчыма. Але ў бліжэйшы час – гэтага не будзе.
РР: Вы на баку Трампа і ўвесь час яго падтрымлівалі. Дзеянні Трампа вас не расчаравалі?
Зянон Пазьняк: Наадварот. Яго дзеянні вельмі паспяховыя. Гэта ўвогуле вялікі прэзідэнт. Чалавек, які пачаў рабіць тое, на што не рашаўся ніхто. І пачаў ратаваць Амерыку і перайначваць сусветны парадак, які склаўся вельмі некарысна для Амерыкі і для ўсіх астатніх. Мяне здзіўляе яго энергія, яго разуменне, яго дакладнае веданне што трэба рабіць у гэтым гадзючым свеце. Гэта ж столькі ворагаў, столькі усяго. І ён дзейнічае. Малайчына.
Поспех у яго ўжо ёсць і будзе. Таму што на самой справе не павышаюцца цэны, абніжаюцца, хаця пошліны павінны павысіць. Ён, дарэчы, вельмі народны чалавек. Ён усё, што абяцаў, ён стараецца рабіць. Ён стараецца падтрымліваць амерыканскіх рабочых, фермераў. Як абяцаў, стараецца рабіць павышэнне зарплаты. Пайшлі пошліны, пайшлі грошы, і ўжо ставіцца пытанне пра зніжэнне падаткаў. А ў прынцыпе, калі ўсё пойдзе добра, падаткі будуць ліквідаваныя ў Штатах, людзі не будуць плаціць падаходнага падатку да 200 тысяч даляраў у год. Мы працавалі ў Штатах, нейкія капейкі атрымлівалі, і плацілі 30% падаткаў. Трамп для амерыканскага народа праз гэтыя пошліны хоча падаткі ліквідаваць. І таму народ Трампа падтрымлівае.
Таму гэтая ўся ліберальная публіка залямантавала. Трамп усю гэтую шпану, якая гаворыць пра 160 палоў, усе іхнія міністэрствы адукацыі, якія займаюцца разбэшчваннем дзяцей, разбэшчваннем моладзі, а гэта амерыканскае міністэрства адукацыі прыдумала і спускае ў школы, што дзіцяткі павінны вырашаць самі, якога яны пола, да каго ты належыш, да дзяўчынкі, ці да хлопчыка – а гэта знішчэнне чалавечай прыроды і мусіць быць спынена. І за гэта людзі атрымлівалі міністэрскія грошы. Так вось, Трамп іх ліквідаваў. Яны не патрэбныя ў Амерыцы. Штаты будуць самі займацца адукацыяй. Таму гэта вялікі чалавек. Дай Бог яму зрабіць усё, што ён думае.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя