Кніга-інтэрв´ю Госця Рацыі палітыка і літаратара Зянона Пазьняка «Стаць у праломе мура» пасля нядаўняй прэзентацыі набыла папулярнасць. Усё больш жадаючых набыць кнігу, напісаную паводле гістарычных фактах, якія бачыў, перажыў сам Зянон Пазьняк, ці чуў ад давераных асоб. Кніга пра розных людзей, іх жыццё у тых ці іншых абставінах. Мы абмяркавалі з нашым госцем маральна-палітычныя пытанні, якія ставіць кніга, якія актуальныя і сёння.

РР: Як вы ацэньваеце досвед змагання БНФ і нацыянальнага руху ў канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў. Чаму, на вашу думку, дэмакратычны прарыў у 1990-х гадах не ўдалося замацаваць?
Зянон Пазьняк: Ацэнка зроблена самой гісторыяй. А нацыянальна-вызвольны рух і Беларускі Народны Фронт дасягнуў незалежнасці Беларусі. Стварэнне Рэспублікі Беларусь, дэмакратычнага заканадаўства, беларускага войска, праўда пра Чарнобыль і шмат усяго. Гэта гістарычны факт. Дастаткова матэрыялаў, як гэта рабілася, як дасягалася. Гэта першае.
Другое. Чаму не ўдалося замацаваць? Вельмі хуткія адбываліся працэсы, не хапіла часу на нацыянальна-культурную асвету. Людзі яшчэ не выбраліся з савецкага разумення. Гэта толькі працэс пачынаўся. І таму не хапіла сілы ўзяць уладу. Стварылі дзяржаву, стварылі незалежнасць, стварылі заканадаўства, культуру, школы беларускія, радыё, тэлебачанне – усё было беларускім. Але ва ўладзе засталіся тыя самыя наменклатурныя камуністы, якія былі пры Савецкім Саюзе. І вось гэта і сыграла ролю, калі Масква ачомалася пасля забароны КПСС, пасля паўраспаду Савецкага Саюза, і пачала сваю палітыку супраць Беларусі, фактычна у кірунку далучэння да Расеі Беларусі і Украіны.
Яны ўжо тады паставілі задачу вярнуць усё, што было пры Савецкім Саюзе. А агучыў гэта праз некалькі гадоў Пуцін. І КДБ прыйшоў да ўлады. І вось тады Масква, ФСБ маскоўскае, Крэмль, яны знайшлі падтрымку ў той наменклатуры, якая была ва ўладзе ў Беларусі. І фактычна рабілі адну работу. Вось гэта адна з галоўных прычын.
Ну і другая прычына – гэта тое, што я казаў, не хапіла часу, каб была праведзена нацыянальна-асветніцкая работа ў грамадстве. Шмат людзей яшчэ не разумелі, хто іхні вораг, хто сябра, думалі, што можна быць разам з Расеяй. Разам з Расеяй ніколі быць не можна. Гісторыя паказала, што гэта біялагічны, сацыяльны, палітычны вораг Беларусі, які не прадугледжвае існаванне нацыі, як народа, як культуры, і гэта ўсё яшчэ людзі не разумеюць.
І вось суаднясенне гэтых чыннікаў прывяло да таго, што Масква выйграла, знайшла свайго стаўленіка, мела падтрымку ва ўрадзе Кебіча, у наменклатуры, на Захадзе, у Нямеччыне і г.д. І сфальсіфікавала выбары, выбары былі сфальсіфікаваныя ў 1994 годзе, гэта нам добра вядома. Але ў тым стане ўсё перавярнуць назад было немагчыма. Вось такая здарылася бяда з нашай незалежнасцю.
Але ёсць вялікі здабытак, які існуе па сённяшні дзень – гэта дзяржава Рэспубліка Беларусь. Незалежная дзяржава была створана, яна існуе, прызнаная ўсім светам, ёсць амбасады на ўсім свеце, – і гэта зарука нашай нацыянальнай будучыні. Пытанне толькі ў тым, як будзе развівацца падзея барацьбы з Расеяй і з прарасейскім рэжымам Лукашэнкі. А падзеі будуць развівацца на карысць нашага народа. Яны ніякіх перспектыў не маюць, што б яны не вытваралі.

РР: Вы лічыце, што пры Лукашэнку ўсталяваўся каланіяльны лад. У чым сутнасць гэтага каланіяльнага ладу?
Зянон Пазьняк: Гэта не лад. Гэта каланіяльная палітыка. Гэта тая палітыка, якая зыходзіць без нацыянальных інтарэсаў, а з інтарэсаў чужой дзяржавы, якая ажыццявіла ўнутраную акупацыю. Гэта значыць, паставіла свайго кіраўніка, паставіла свае структуры, сваю рэзідэнтуру, што стварыла Расея, і такім чынам гэты стаўленік, гэты ўрад, гэты кіраўнік дзейнічае ў першую чаргу ў інтарэсах гэтай чужой краіны. Гэта першае.
І другое, ён дзейнічае ў інтарэсах захавання сваёй улады. Гэта банальная рэч, шаблон. І гэты шаблон ажыццяўляецца ў нас, гэта ўсё відавочна, – знішчэнне мовы, школы, нашай эканомікі, бясплатны транзіт для Расеі і г.д. Усё мы гэта бачым. Тут рэчы абсалютна відавочная, можна іх пералічваць, але сутнасць у тым, што ў 1994 годзе Расеі ўдалося паставіць стаўленіка на вярхоўную ўладу Беларусі, у 1996 годзе падтрымаць дзяржаўны пераварот, які прывёў да дыктатуры, дыктатуры гэтага стаўленіка, а фактычна да дыктатуры расейскай палітыкі. І вось цяпер мы знаходзімся ў такім стане.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






