Заўтра, 15 студзеня, павінен адбыцца так званы суд па пераводзе Рыгора Кастусёва на турэмны рэжым. Пра гэта паведамілі яго сваякі. Зміцер Антончык каментуе апошнія навіны пра палітыка. З ім размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.
РР: Відавочна, што з-за кратаў вельмі мала інфармацыі, але што вядома родным і блізкім адносна гэтай справы?
Зміцер Антончык: Інфармацыя была і раней, яна з розных крыніцаў даходзіла ўжо, і мы былі гатовыя да такога, што будзе перавод на турэмны рэжым.
У лістах, якія даходзяць вельмі дрэнна, а апошнія тры тыдні ўвогуле не было ліставання. Вось у апошнім лісце было напісана, што спадар Рыгор чакае гэтага суда. Яго азнаёмілі з тым, што будзе суд. І вось дата праходзіць з некалькі крыніц, што гэта будзе менавіта ў панядзелак.
Гэта такі чаканы крок, таму што мы бачым, што не першы палітвязень ідзе такім шляхам. Спачатку ідуць ШІЗА, пасля – ПКТ, ну, і наступны крок – гэта ўжо турэмны рэжым.
РР: Рыгора Кастусёва затрымалі ў 2021 годзе ў Шклове па справе паводле артыкула 357 Крымінальнага кодэкса. Пазней асудзілі на 10 гадоў калоніі. Што вядома пра стан здароўя спадара Рыгора на сёння?
Зміцер Антончык: Пра стан здароўя інфармацыі не так шмат. Ён у сваіх лістах, якія даходзяць да нас, піша толькі пра тое, горш ці лепш сябе адчувае, але ніякіх падрабязнасцяў, ні вынікаў тых абследаванняў, якія рабілі, ён сам нічога не ведае – і адпаведна мы. Але трымаецца.
Канешне, умовы дадаюць абцяжарваючых абставінаў. Праблемы там ужо не толькі з анкалогіяй, якая невядома на якой стадыі, але і спіна ў яго баліць, і ногі ацякаюць. У тых умовах для чалавека ў такім немаладым узросце, думаю, што шмат праблемаў там.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя