Скончылася галасаванне па выбарах у Каардынацыйную раду. Колькасць тых, хто прагаласаваў з 25 па 27 траўня ўключна, складае 6723 чалавекі. Існуюць розныя меркаванні наконт таго, многа гэта ці мала.

Госць Рацыі – палітолаг Зміцер Балкунец каментуе выбары ў КР і разважае пра тое, што будзе далей. З ім размаўляе наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.
РР: Ці прымалі вы ўдзел у галасаванні?
Зміцер Балкунец: Я не прымаў удзел у галасаванні, я прымаў удзел у абмеркаванні канцэпцыі гэтых выбараў, два месяцы прымаў удзел у дыскусіях, якія ладзіў грамадскі камітэт. Усе прапановы, якія мы ўносілі, грамадскі камітэт падтрымаў, але потым была створаная нейкая група, магчыма, паміж Ціханоўскай и Латушкам, і Ягораў там таксама ўдзельнічаў, якія прынялі тыя фарматы, як гэтыя выбары будуць адбывацца. Тады мы палічылі, што гэтыя выбары будуць фарсам і яны не будуць цікавымі для беларусаў. Тое і адбылося зараз, і гэтыя выбары не сталі нейкай цікавай гісторыяй для грамадзян Беларусі, якія, як паказала практыка, увогуле не ўдзельнічалі ў выбарах. Былі розныя прычыны на гэты конт, але тыя праблемы, якія мы пабачылі ў самым пачатку – і самі адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах як непасрэдныя ўдзельнікі, але і ў галасаванні – гэта адсутнасць празрыстай платформы для галасавання. Не адбыўся ніякі тэндар, была абраная пляцоўка, якая па некаторых невядомых крытэрыях была абраная.
РР: Якая мэта выбараў у Каардынацыйную раду, як вам падаецца?
Зміцер Балкунец: Мне яна невядомая, навошта яны ўвогуле адбываліся. Але я так лічу, што, магчыма, нехта на гэта атрымаў грант. Таму што невядома чаму трэба было так хутка гэтыя выбары праводзіць і так непрафесійна гэта зрабіць. Таму што, калі 6000 чалавек прынялі ўдзел у галасаванні, то гэта паказчык нізкай кваліфікацыі тых людзей, якія гэтыя выбары ладзілі.
РР: А можа быць гэта не тое, што непрафесіяналізм, а недавер людзей, страх людзей быць раскрытымі?
Зміцер Балкунец: Думаю, што гэта недавер, магчыма, да тых палітыкаў, якія гэтыя выбары ладзілі і ўдзельнічалі ў іх. Страх, канешне, прысутнічае. Але я хачу дадаць, што калі мы ў жніўні 2022 года прапаноўвалі канцэпцыю правядзення выбараў і стварэння Нацыянальнага савета, тое што мы таксама прапаноўвалі ў пачатку года для людзей, якія вось гэтыя выбары ў раду рабілі, але хоць гэты камітэт падтрымаў нашы прапановы, але група, якая была створаная паміж Ціханоўскай, Латушкам і Ягоравым зрабілі тое, што планавалі ад самага пачатку – сваю платформу, якая нікім не была абраная. Таксама яны прадалі грамадству “ката ў мяху”.
Мы прапаноўвалі, каб у выбарах былі непасрэдна такія спісы, каб быў абраны мажарытарны фармат, калі галасуецца за кожнага чалавека, а не за персон, у якіх нават ні біяграфіі, ні фатаграфіі, нічога не было ў інтэрнэце. І гэта такая праблема, якая, магчыма, стала галоўнай, чаму беларусы не прынялі ўдзел у гэтых выбарах. І я лічу, што гэта таксама параза Ціханоўскай, таму што Ціханоўская падтрымлівала гэтыя выбары з самага пачатку, яна падтрымлівала фармат гэтых выбараў, таму гэтыя 6000 – такі паказчык, які паказвае рэйтынг Ціханоўскай.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






