Госць Рацыі – Зміцер Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Паразмаўлялі пра сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі і пра прэзідэнцкія выбары ў ЗША.

РР: Давайце спачатку згадаем па Міколу Статкевіча. Больш за год пра яго нічога не чутна. Можа быць да вас даходзіла якая-небудзь інфармацыя.
Зміцер Бандарэнка: Ніякай інфармацыі па-ранейшаму няма. Гэта мой сябар, гэта мой паплечнік і безумоўна рэальны лідар Беларусі. І на жаль, інфармацыі пра яго няма ўжо бліжэй да двух гадоў.
РР: Што мы можам сказаць, пра тых палітвязняў, пра якіх мы ўжо даўно нічога не ведаем? Не хочацца гаварыць пра самыя змрочныя варыянты, але ўсё ж такі чаму рэжымам выбрана такая тактыка ў адносінах да іх.
Зміцер Бандарэнка: Таму што ёсць страх у Лукашэнкі, ён баіцца гэтых людзей. Ён помсціць гэтым людзям. Ну а зараз ёсць вайна ў рэгіёне, вайна ва Украіне, дзе дзясяткі тысяч украінскіх палонных у вельмі цяжкіх варунках утрымоўваюцца. І нашы палітвязні не на курорце – там вельмі цяжка. Ну і зараз свету не да беларускіх палітвязняў.
РР: Так, сёння сітуацыя ў Беларусі наўпрост звязаная з тым, што адбываецца ва Украіне. А на тое, што адбываецца ва Украіне, так ці інакш уплываюць Злучаныя Штаты. 5 лістапада адбыліся прэзідэнцкія выбары. Усе мы вынік ведаем. Новым абраным прэзідэнтам Злучаных Штатаў стаў Дональд Трамп. Гэта будзе яго другі прэзідэнцкі тэрмін. Якія ацэнкі вы можаце выказаць на гэты конт? Таму што яны даволі розняцца.
Зміцер Бандарэнка: Калі б я жыў ў Злучаных Штатах, я бы быў рэспубліканцам. Безумоўна гэта быў уплыў палітыкі Рональда Рэйгана. Гэта быў уплыў маральнай палітыкі сенатара Джона Маккейна. Але на гэтых выбарах я чакаў, што вырашыць амерыканскі народ. Я не магу сказаць, што я быў за тое, каб перамог Трамп. І мой прагноз такі, што напачатку стане горш, і ў нашым рэгіёне таксама. А потым запрацуе сапраўдная рэспубліканская машына, таму што рэспубліканцы выступаюць з лідарства ў свеце. І ў рэспубліканцаў таксама вельмі вялікі досвед уплыву на розных нягоднікаў і на тыя рэжымы, якія ў свой час Рэйган назваў «імперыяй зла». І мае спадзяванні на тое, што рэспубліканскі істэблішмент, які добра разбіраецца ў міжнароднай сітуацыі, ён возьме ў пэўны момант у свае рукі лёс усяго свету.
(…)
Зараз гэтая сітуацыя можа падштурхнуць лідараў Еўрапейскага звязу да ўсведамлення, што мы – Еўрапейскі звяз, ніхто нашую бяспеку не забяспечыць. І калі Еўразвяз хоча застацца сусветным гульцом, ён павінен мець пэўную тэрыторыю. Таму што Еўропа і без таго мае малую тэрыторыю, губляць яшчэ Украіну, губляць яшчэ Беларусь – гэта будзе нерацыянальна для еўрапейцаў. Таму што, калі Штаты не будуць бараніць Еўропу, прыкрываць сваім вайсковым і ядзерным парасонам, як гэта было шмат дзесяцігоддзяў пасля Другой сусветнай вайны, то значыць, Еўропа павінна ўзяць свой лёс у свае рукі. Насельніцтва можа павялічыцца за конт уцекачоў. Але тэрыторыю трэба захаваць. Украіна і Беларусь – гэта частка Еўропы. Гэта таксама можа спрацаваць, бо еўрапейцы зразумелі, што не на столькі моцная расейская армія. І калі Польшча, Францыя і Брытанія рэальна падтрымалі б Украіну, то Расея прайграла б гэтую вайну, таму што не вытрымала б эканамічна.
Цалкам размова:
Размаўляў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя