25 траўня пачынаюцца выбары ў Каардынацыйную раду. Але адносна ўдзелу ў выбарах у беларусаў Варшавы рознае меркаванне. Адны лічаць, што абавязкова трэба ісці галасаваць, а другія, як да прыкладу наш госць – каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка – не збіраецца прымаць удзел. Мы вырашылі высветліць у нашага госця, чаму?
РР: Ці будзеце Вы прымаць удзел у выбарчай кампаніі?
Зміцер Бандарэнка: Калі маецца на ўвазе ў так званую Каардынацыйную раду, то не, канешне. Не бачу ў гэтым сэнсу. Мы не ведаем, як будзе адбывацца гэтая працэдура. І няма нават аплікацыі кампутарнай, якую людзям трэба скачваць, яна не адпрацавана. І сёння ў той час, калі людзей саджаюць у турмы за адзін каментар на некалькі гадоў, то давярацца невядома якой сістэме проста не выпадае. Гэта проста небяспечна для людзей.
РР: Але якая небяспека можа быць для тых, хто жыве ў Польшчы, напрыклад, ці ў Нямеччыне, то бок за мяжой?
Зміцер Бандарэнка: Мы ведаем, што зараз забіраюць маёмасць у тых людзей, якія прынялі ўдзел у святкаванні Дня Волі ў розных краінах. Улада знойдзе, за што прычапіцца. А тут збіраецца вялікая база дадзеных і мы ўжо ведаем, людзей саджалі ў турмы за ўдзел у так званым “Плане перамога”, рэгістрацыю ў так званым Рабочым руху. “Чорная кніга Беларусі”, вельмі шмат ТГ-каналаў, дзе база дадзеных нейкім чынам трапіла да спецслужбаў Беларусі. І сотні людзей пайшлі ў турмы за гэта. І тут я таксама бачу наўпроставую небяспеку, што спісы гэтых людзей, якія павераць і прымуць удзел у гэтым мерапрыемстве, проста акажуцца ў Менску ў Лукашэнкі.
Цалкам гутарка
Беларускае Радыё Рацыя