BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зміцер Піменаў: Для мяне расейская агрэсія была прадказальная яшчэ перад 2014 годам

Прадстаўнікі бельгійскай беларускай дыяспары актыўна дапамагаюць украінцам перамагчы расейскі фашызм.

Чаму яны гэта робяць, чым дапамагаюць і як даўно, мы пагаворым з госцем Беларускага Радыё Рацыя, актывістам беларускай дыяспары ў Бельгіі Змітром Піменавым:

РР: Ці вялікая ў вас у Бельгіі дыяспара?

– Жыхароў з Беларусі ў Бельгіі жыве вельмі шмат. Актывістаў трохі бракуе, і гэта кепска ўплывае на валанцёрскую дзейнасць, вельмі цяжка шмат іх сабраць. На словах вельмі шмат людзей якія любяць Беларусь, а калі даходзіць да ахвяравання, то тут трошкі праблематычна. Таму я лічу так, можа для кагосьці гэта будзе абражальна, што тыя хто цяпер дапамагае Палку Каліноўскага гэта сапраўды дыяспара актыўная, дыяспара беларуская ў Бельгіі. Такіх людзей можна налічыць да 100 чалавек.

РР: Ці даўно Вы займаецеся валанёрствам, дапамогай Украіне? Калі пачалася вайна?

– Для мяне вайна пачалася з 2000 года, я з 2000 году ваюю супраць крамлёўскіх агрэсараў. У 2008 годзе, калі Масква напала на Грузію, я даваў інтэрв’ю бельгійскаму тэлебачанню, і я сказаў, што наступная агрэсія будзе супраць Украіны. Бо Беларусь і так і так знаходзіцца пад акупацыяй, таму актыўнай фазы вайны ў Беларусі не чакаецца, але вайна мусіць пачацца з Украіны. І калі пачалася расейская агрэсія ў 2014 годзе, то для мяне гэта не было дзіўным, для мяне гэта было чакальным і прадказальным. 2014 год мяне застаў якраз у Львове. Я ведаў, што пасля гэтага Майдану павінна была пачацца актыўная фаза вайны.

Я вучыўся ў УКУ (Украінскі Каталіцкі Універсітэт) на тэолага, не давучыўся, бо з прычыны вайны мне перасталі даваць дазвол на ўезд ва Украіну. І ад пачатку 2014 году я дапамагаў праз капелана ў мястэчку Івана-Франкоўшчыны, капелан Дуб. Ён святар грэка-каталіцкай царквы. І ад таго часу я практычна кожныя 2-3 месяцы праз перавозчыкаў дасылаў тое, што яны прасілі. Гэта былі колы, электраабсталяванне, гэта былі генератары, гэта былі дрэлі-перфаратары – усё тое, што патрэбна было для абсталявання бліндажоў, для забеспячэння іншых бытавых умоў для ваяроў. Ён прасіў, я што мог акумуляваў, людзі збіралі…

РР: Беларусы збіралі?

Так, беларусы. У асноўным гэта была беларуская парафія грэка-каталіцкай царквы. Асноўная частка як тады, як і цяпер – ахвяруюць тыя людзі, якіх я бачу на беларускіх службах у Антвэрпане. Гэта асноўныя данатары, не толькі асноўныя, але і стабільныя. Я ведаю, што мінімальныя 2000-3000 еўра будзе сабрана ад парафіян нашай царквы. Астатнія ўжо людзі па жаданні. Але магчыма я раблю недастаткова рэкламу, магчыма трэба больш распавядаць пра гэта, і быць больш публічнай асобай.

Я вельмі ўдзячны Радыё Рацыя, якое дае мне найбольшую магчымасць распавесці пра сваю дзейнасць перад шматтысячными слухачамі.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

З госцем Беларускага Радыё Рацыя Зміцерам Піменавым размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя