Вырашэнне пытання з беларускімі ўцекачамі і дапамогі ў іх легалізацыі, арганізацыя беларускіх мерапрыемстваў на тэму гісторыі і культуры, падрыхтоўка візіту Святланы Ціханоўскай. Усё гэта пра тое, чым цяпер жыве беларуская дыяспара ў Швецыі, – падрабязней распавёў прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі Зміцер Васэрман.

– Ёсць некалькі прыярытэтных пытанняў – і культурніцкія, і палітычныя. Можам пачаць з культурніцкіх. У нас было вельмі цікавае мерапрыемства – мы ў Стакгольме зрабілі мурал, прысвечаны Тадэвушу Касцюшку. Калі ў нашага героя быў дзень нараджэння, 4 лютага, то мы запрасілі да гэтага муралу паслоў Польшчы, Літвы і Злучаных Штатаў. Пасол Злучаных Штатаў , на жаль, прыйсці не змог, але паслы з Літвы і Польшчы прыйшлі, і мы сумесна ўсклалі кветкі да гэтага муралу. І таксама запісалі радыёінтэрв’ю, у тым ліку для польскіх медыя. Атрымалася такое мерапрыемства, якое было бачнае. І мы сапраўды жадаем, каб у Стакгольме была ўшанавана памяць Тадэвуша Касцюшкі. Ён тут быў. Таму мы на гэтым месцы зрабілі мурал, гэта тое месца, дзе ён жыў у гатэлі. І мы будзем далей працаваць, каб нейкім чынам ушанаваць яго памяць, каб там была памятная дошка, ці штосьці яшчэ.
А ў траўні рыхтуецца ўрадавая канферэнцыя, на якую напэўна прыедзе і Святлана Ціханоўская. І будзе шмат прадстаўнікоў урада.
РР: А як вам падаецца, якія мерапрыемствы збіраюць найбольшую колькасць удзельнікаў? Больш цікавіць культура, ці палітыка?
Зміцер Васэрман: Я б сказаў, што зараз культура. Таму што палітычнае поле выглядае трошкі дэпрэсіўным. Ва Украіне ідзе вайна. Беларусь з’яўляецца суагрэсарам. У Беларусі ідзе масавы тэрор супраць беларускага насельніцтва. І гэта ўсё, зразумела, вельмі сумна. Людзі не заўсёды ведаюць, як на гэта рэагаваць. Людзі былі больш актыўныя, калі было трошкі больш надзеі на тое, што штосьці ў Беларусі палепшыцца. Зараз мы спрабуем захаваць гэтую надзею і знайсці нейкія новыя фарматы для палітычных мерапрыемстваў.
Цалкам матэрыял:
Зміцер Васэрман дадаў, што беларусы ў Швецыі цяпер таксама рыхтуюць некалькі канцэртаў. У сакавіку запланаваны прыезд Піта Паўлава, а ў траўні ці чэрвені павінен прыехаць гурт NaviBand.
Беларускае Радыё Рацыя






